“Лёс прымусіў граць на вуліцы”. Баяніст Лёня прыязджае ў Гродна са Слоніма

Леаніду Рыжыкаву 59 гадоў і ён са Слоніма. Некалькі разоў у месяц мужчына прыязджае ў Гродна на вуліцу Савецкую, каб паграць на сваім баяне і зарабіць. Улетку музыкант наогул плануе сюды пераехаць.

Часам Леанід ездзіць у Баранавічы з роднага Слоніма, радзей у Гродна. Але тут яму падабаецца і тут ён можа трохі больш зарабіць.

“Сярэдні заробак у мяне каля 25 рублёў. Дзесьці 10 сыходзіць на дарогу, вось і лічыце што застаецца, – кажа Леанід. – Па некалькі разоў у месяц я імкнуся прыязджаць у Гродна. У родным Слоніме граць неяк няёмка, паказваюць пальцам. А тут прыемна і мне падабаецца. Людзі ў Гродне цікавыя і музычныя”.

Паграць Леанід паспявае ў Гродне ўсяго некалькі гадзін. У асноўным мужчына прыязджае а 12:00, а ўжо а 16:00 адпраўляецца цягнік у Слонім.

“Раней я не граў на вуліцы, лёс прымусіў. Працаваў на розных святах. Цяпер у нас у Слоніме няма працы для мужыкоў перадпенсійнага ўзросту, вось і выйшаў граць. У Гродне шмат вулічных музыкаў, з канкурэнцыяй усё нармальна. Ніхто нікога не ганяе. Бывае дзень, што наогул збіраецца вялікая каманда на вуліцы: хтосьці на гітарах, на талерцы, на саксафоне і г.д. Кожны зарабляе як можа, але асабіста мне не падабаецца, калі людзі ходзяць з капелюшом і просяць грошы, сорамна становіцца”.

"Лёс прымусіў граць на вуліцы". Баяніст Лёня прыязджае ў Гродна са Слоніма

Леанід кажа, што ва ўсіх вулічных музыкаў у Гродне свой рэпертуар. Вядомую акардэаністку Лену мужчына не лічыць сур’ёзным канкурэнтам, хоць яна і грае на падобным інструменце. Кажа, іх музыка моцна адрозніваецца.

“Асабіста я граю на сваім баяне народны фальклор і песні з кінафільмаў, у Лены – шансон. Жанчына грае пад фанаграму з мікрафонам, грыміць трохі, але я так не магу. Граю без апаратуры і гэта мне падабаецца. А ў людзей густы розныя, як той казаў – кожнаму сваё”.


“У мяне ўсё ад душы”. Баяністка Лена пра вулічную музыку, канкурэнцыю і “шапачнікаў”

Калі вы знайшлі ў тэксце памылку або абдрукоўку, калі ласка, паведаміце нам, выбраўшы адпаведны фрагмент і націснуўшы клавішы Ctrl+Enter.

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Звяртайцеся info@hrodna.life

Каментары

Spelling error report

The following text will be sent to our editors: