Цэнтр для заняткаў тэнісам з крытымі кортамі ўзвядуць у Гродне, піша БЕЛТА. Яго ўзвядуць на пляцоўцы па вуліцы Горкага побач з аквацэнтрам. Тут з’явяцца шэсць тэнісных кортаў, чатыры з іх будуць крытымі. Раней крытых кортаў у Гродне не было.

Ужо вядуцца падрыхтоўчыя працы. Сценамі і дахам для манежа выступіць так званая паветраапорная канструкцыя. Аналагічная тэхналогія выкарыстоўвалася для будаўніцтва футбольнага манежа і крытай хакейнай пляцоўкі ў Пышках.

Таксама з’явяцца адміністрацыйна-бытавы комплекс, распранальні. На кортах будзе выкладзена сучаснае спецыялізаванае пакрыццё. Узводзіцца новы аб’ект пры падтрымцы Беларускай тэніснай федэрацыі.

Зараз у Гродзенскай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе тэніса займаюцца каля 150 дзяцей. З’яўленне новага аб’екта дазволіць павялічыць іх колькасць. Таксама аматары тэніса атрымаюць магчымасць гуляць на сучасных кортах. Манеж будзе прымаць спаборніцтвы рознага ўзроўню.