На 25 траўня ў Беларусі лабараторна пацверджана 37 144 выпадкі каранавіруса, паведамляе Міністэрства аховы здароўя. Ачунялі і выпісаныя 14 449 пацыентаў, 204 чалавекі з выяўленым раней COVID-19 памерлі.
За апошнія суткі дыягнаставалі 946 новых выпадкаў COVID-19, паводле афіцыйных дадзеных памерлі 5 чалавек, 294 пацыенты ачунялі і былі выпісаныя.
Усяго праведзена 463 004 тэстаў, з іх за апошнія суткі - 12 377, сярод якіх 7,6% - станоўчых.
Чытайце таксама: Агучылі лічбу памерлых у рэанімацыях Мінска, дзе лекавалі COVID-19, за красавік. Мінздароўя: вы не так зразумелі
Лукашэнка лічыць, што вірус ўжо аслабеў
25 мая Аляксандр Лукашэнка паведаміў аб стабілізацыі сітуацыі з каранавірусам. «Калі, я часта кажу гэта апошні месяц, і далей так пойдзе, то будзем лічыць, што мы справіліся з божай дапамогай з гэтым захворваннем», — адзначыў ён на нарадзе ў Мінску, піша belta.by.
Паводле яго слоў, бальніцы, зарэзерваваныя пад лячэнне каранавіруса ў Віцебску пачалі «вымываць», а ў Мінску плануюць у бліжэйшы час вяртаць да звычайнай працы бальніцы анкалагічнага і гінекалагічнага профілю, бальніцу хуткай меддапамогі. Ён адзначыў, што колькасць цяжкіх выпадкаў зменшылася.
«Відаць, вірус усё ж аслабеў ўжо, вірулентнасць яго ўжо не тая. Дай бог, каб не тая. Але пры гэтым мы павінны трымаць у галаве другую хвалю. Ніхто не даказаў, што яна будзе, але мы павінны да гэтага рыхтавацца. І ніхто не ведае, калі яна прыйдзе. Калі зімой і восенню, то дай бог, каб мы сур’ёзна змаглі падрыхтавацца да гэтага. А, можа быць, гэтая бяда нас міне. Тым не менш, расслабляцца нельга «, — лічыць Аляксандр Лукашэнка.