Раней невядомыя лічбы агучыў загадчык аддзела анэстэзіялогіі, рэанімацыі і інтэнсіўнай тэрапіі Мінскага НПЦ хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі Аляксандр Дзядзько. Кавалак яго відэавыступу апублікаваў у фэйсбуку бізнэсмен Кірыл Валошын.

Агучылі лічбу памерлых у рэанімацыях Мінска, дзе лекавалі COVID-19, за красавік. Мінздароўя: вы не так зразумелі

З дыяграмы відаць, што на працягу красавіка ў Мінску ў рэанімацыю трапілі 436 чалавекі з каранавіруснай інфекцыяй, піша nn.by. З іх 265 чалавек (61%) было пераведзена ў іншыя аддзяленні, 54 чалавекі (12%) на канец месяца працягвалі знаходзіцца ў рэанімацыі.

Астатнія 117 чалавек (27%) памерлі.

«А што ў нас? За красавік падлічылі даныя ў Мінску. У нас лятальнасць склала 27%, што супастаўна з тымі лічбамі, якія прадаставілі замежныя спецыялісты», — кажа Аляксандр Дзядзько.

Разам з тым, паводле афіцыйных звестак Мінздароўя на 1 траўня, на ўсёй тэрыторыі Беларусі налічылі толькі 93 памерлых пацыентаў «з шэрагам хранічных захворванняў з выяўленай каранавіруснай інфекцыяй».

Насельніцтва Мінска складае прыкладна 22% ад насельніцтва Беларусі. Паводле афіцыйнай статыстыкі, колькасць памерлых ад COVID-19 у траўні ў краіне перавысіла лічбы за сакавік-красавік, разам узятыя. Па стане на сёння Мінздароўя заяўляе пра 190 памерлых ад COVID-19.

Афіцыйная беларуская статыстыка радыкальна разыходзіцца з данымі з краін Еўропы з высокім узроўнем жыцця і развітой медыцынай. Так, у Швецыі і Швейцарыі, дзе колькасць выяўленых хворых прыкладна супадае з беларускай, колькасць памерлых дасягнула 3925 і 1923 адпаведна (Швейцарыя ўводзіла строгія каранцінныя абмежаванні, а Швецыя — нястрогія).

Чытайце таксама: У Беларусі зафіксавалі 31 508 выпадкаў каранавіруса. Як вядуць статыстыку ў іншых краінах

Што датычыць 27-працэнтавай смяротнасці, то варта патлумачыць, што гаворка толькі пра пацыентаў, якія трапляюць у рэанімацыю, а гэта вельмі малы працэнт ад агульнай колькасці хворых.

Каментарый Мінздароўя

Праз дзве гадзіны пасля публікацыі nn.by на афіцыйным канале Міністэрства аховы здароўя з’явіўся каментар. Прыводзім яго цалкам:

«Сёння на вебінар беларускага таварыства анестэзіёлагаў-рэаніматолагаў «Практычныя аспекты аказання анестэзіёлага-рэанімацыйнай дапамогі пацыентам з інфекцыяй COVID-19» зазірнуў журналіст. У сувязі з тым, што перапалоханы дадзенымі, якія прывёў старшыня арганізацыі, журналіст выставіў як супернавіну ў адной з сацыяльных сетак, мы папрасілі загадчыка аддзела Мінскага НПЦ хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі, галоўнага пазаштатнага спецыяліста Міністэрства аховы здароўя, доктара медыцынскіх навук Аляксандра Дзядзько пракаментаваць сітуацыю:

«Гаворка ішла пра агульную лятальнасць у рэанімацыях устаноў аховы здароўя Мінска, якія былі задзейнічаныя ў аказанні медыцынскай дапамогі пацыентам пульманалагічнага профілю. Туды ўключаныя не толькі выпадкі пацверджанай інфекцыі COVID-19, але і тыя верагодныя выпадкі, калі ў працэсе ўдакладняючай дыягностыкі дыягназ каранавірус быў зняты і былі выяўлены пнеўманіі іншай этыялогіі (вірусная, бактэрыяльная, гіпастатычныя і інш). Статыстыка прыведзена за ўвесь час працы перапрафіляваных устаноў, пачынаючы з сакавіка месяца. Акрамя таго, хачу нагадаць усім, што ў афіцыйную статыстыку ўключаюцца пацыенты пасля патамарфалагічнага пацверджання дыягназу — што можа займаць ад 7 да 14 дзён. Таму частка пацыентаў, якія памерлі ў красавіку, былі ўключаныя ў статыстыку ў траўні. Лічбы былі прыведзены для спецыялістаў, каб параўнаць з агульнай смяротнасцю іншых краін. Не лішнім будзе нагадаць, што палова пацыентаў з выяўленай інфекцыяй COVID-19, знаходзіцца менавіта ў Мінску. Яшчэ раз заклікаем усіх журналістаў больш уважліва ставіцца да інфармацыі, асабліва да той, якую абмяркоўваюць спецыялісты на вузкапрофільных вебинарах».

Дапоўнена: неўзабаве пасля публікацыі навіны і наступнага каментара ў телеграм-канале Міністэрства аховы здароўя, у той жа вечар, доступ да прагляду поўнай запісу вебинара абмежавалі. Да гэтага відэа больш чым на паўтары гадзіны было размешчана на YouTube.

Агучылі лічбу памерлых у рэанімацыях Мінска, дзе лекавалі COVID-19, за красавік. Мінздароўя: вы не так зразумелі
Скрыншот з відэа вэбінара

Паводле звестак Міністэрства аховы здароўя, па стане на 23 траўня ў Беларусі пацверджаны 35 244 выпадкі каранавіруса, ачунялі 13 528 пацыенты, памёрла 194 чалавек.

Хроніка каранавіруса ў Гродне