Па стане на 21 траўня ў Беларусі пацверджаны 33 371 выпадак каранавіруса, паведамляе Міністэрства аховы здароўя. Ачунялі і выпісаныя 12 057 пацыентаў, 185 чалавек з выяўленым раней COVID-19 памерлі.
За суткі лабараторна пацвердзілі 945 новых выпадкаў COVID-19, паводле афіцыйных дадзеных памерлі 6 чалавек, 642 пацыенты ачунялі і былі выпісаныя.
Усяго праведзена 403 236 тэстаў, з іх за апошнія суткі - 15 563.
Пандэмія не ідзе на спад
У сераду, 20 траўня, Сусветная арганізацыя аховы здароўя паведаміла аб рэгістрацыі самай вялікай колькасці заражэнняў каранавірусам з моманту пачатку пандэміі. «За апошнія 24 гадзіны ў СААЗ было зарэгістравана 106 000 выпадкаў - найбольшая колькасць за адзін дзень з пачатку ўспышкі», — сказаў генеральны дырэктар арганізацыі Тэдрас Адханом Гебрейесус. «Нам яшчэ трэба будзе прайсці доўгі шлях у гэтай пандэміі,» — лічыць ён.
Прадстаўніца Сусветнай арганізацыі аховы здароўя ў Расіі Меліта Вуйновіч сказала, што барацьба з COVID-19 — гэта спрынт, у якім краінам трэба бегчы разам у знак салідарнасці адзін з адным. Паводле яе слоў, пандэмію не атрымаецца ўтрымаць, пакуль яна не пройдзе па ўсіх кутках свету, і вірус знаходзіцца ў кожнай краіне, піша vesti.ru са спасылкай на тэлеканал «Расія 24».
Спецыялістка адзначыла, што існуе толькі магчымасць знізіць перадачу інфекцыі ад чалавека да чалавека, гэта залежыць ад супрацьэпідэміялагічных мераў. Прадстаўніца СААЗ сказала, што ў Расеі дзякуючы прынятым мерам удалося зменшыць ўзровень смяротнасці і запаволіць перанос каранавіруса.
Вуйнович распавяла, што паўсюль, дзе была першая хваля каранавіруса, магчыма і другая. Насельніцтва павінна зразумець, што небяспека і рызыка захварэць не мінулі, таму ў любым выпадку трэба выконваць меры засцярогі.
У Швецыі - рэкорд
У Швецыі зарэгістравана найбольшая колькасць смерцяў ад каранавіруса ў Еўропе на душу насельніцтва за апошні тыдзень, паведамляе businessinsider.com. Дадзеныя апублікаваныя на рэсурсе Our World In Data Оксфардскага ўніверсітэта.
Швецыя, як і Беларусь, не абвяшчала афіцыйнага карантыну. Замест гэтага там заахвочвалі грамадзян заставацца дома, калі яны хварэюць, і падтрымліваць сацыяльную дыстанцыю на публіцы.