“Ноч музеяў” у Гродзенскім дзяржаўным гісторыка-археалагічным музеі пройдзе ў лістападзе 2020 года і будзе прымеркавана да 100-гадовага юбілею музея, паведамілі Hrodna.life ў музеі.
Да Міжнароднага дня музеяў 18 траўня правядуць акцыю пад назвай «Як гэта было». З дапамогай фота-і відэакалажаў створаць рэтраспектыву штогадовых мерапрыемстваў “Дзень і ноч у музеі 2008-2019 гг.”.
Усе фота і відэа матэрыялы будуць размешчаныя на афіцыйным сайце музея, а таксама на старонках у сацыяльных сетках.

А што ў Беларусі?
У Беларусі штогадовая міжнародная акцыя “Ноч музеяў” упершыню пойдзе ў анлайн-фармаце 16 мая. Спецыяльна да гэтай падзеі Нацыянальны гістарычны музей і каманда рок-фолк-оперы “Чарадзей” адаптавалі музычны спектакль для паказу ў прамым эфіры, паведамілі БЕЛТА ў музеі.
Асобныя нумары з рок-фолк-оперы “Чарадзей” прагучаць у акустычным выкананні.
Прамы эфір будзе даступны ў 21.00 бясплатна для ўсіх жадаючых у любым пункце свету. Многокамерная мастацкая здымка ў высокай якасці дазволіць кожнаму гледачу стаць удзельнікам першай у Беларусі «Ночы музеяў» у онлайн-фармаце і пабачыць з розных ракурсаў ўсё, што адбываецца ў выставачных залах.

Што за опера?
Рок-фолк-оперу “Чарадзей” напісаў беларускі кампазітар, сцэнарыст і прадзюсар Раман Арлоў па матывах летапісных крыніц, у якіх згадваецца легендарны полацкі князь Усяслаў Чарадзей. Прэм’ера адбылася ў 2016 годзе ў Белдзяржфілармоніі, затым спектакль быў паказаны каля дзесяці разоў на іншых сцэнічных пляцоўках і ў розных версіях.



