Прэзідэнцкія выбары ў Беларусі правядуць 9 жніўня. Гэтую дату 8 траўня ў парламенце прапанавала старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына, перадае belta.by. Парламент яе падтрымаў. Паводле выбарчага кодэксу, на рэгістрацыю ініцыятыўных групаў засталося 7 дзён.

Лідзія Ярмошына патлумачыла, што так як па законе выбары павінны прайсці да 30 жніўня, прызначэнне больш позняй даты «можа пацягнуць папрокі ў тым, што ўлада з самага пачатку плануе завяршыць выбары ў першым туры і нават не прадугледжвае магчымасці галасавання праз два тыдні». У выпадку правядзення выбараў 16 жніўня, а другога тура 30 жніўня, выбары «будзе складана сумясціць з імпрэзамі, якія праходзяць у школах з нагоды пачатку новага навучальнага года», патлумачыла старшыня ЦВК.

Палата прадстаўнікоў прыняла прапанову Ярмошынай. Старшыня Уладзімір Андрэйчанка падкрэсліў, што дэпутатаў чакае вялікая арганізацыйна-палітычная работа як у парламенце, так і ў выбарчых акругах.

Па словах Лідзіі Ярмошынай, 9 траўня пачнецца галоўная выбарчая кампанія краіны. «Гэта таксама сімвалічна, у пэўным плане адпавядае духу і літары ў працэдуры правядзення выбараў Прэзідэнта», — лічыць яна.

Засталося сем дзён

Паводле Выбарчага кодэксу Рэспублікі Беларусь, вылучэнне кандыдатаў у Прэзідэнты пачынаецца за 80 дзён і заканчваецца за 50 дзён да выбараў (арт. 60). Вылучэнне кандыдата ў Прэзідэнты ажыццяўляецца праз ініцыятыўную групу ў колькасці не менш за 100 чалавек, якія павінны сабраць не менш за 100 тысяч подпісаў выбаршчыкаў.

Дакументы для рэгістрацыі ініцыятыўнай групы павінна падаць у Цэнтральную камісію не пазней чым за 85 дзён да выбараў асоба, якая мае намер вылучыцца кандыдатам у Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь (арт. 61 ВК РБ).

Гэта значыць, што на рэгістрацыю ініцыятыўных групаў у будучых кандыдатаў застаўся ўсяго тыдзень.

Чытайце таксама: Лукашэнка пра прэзідэнцкія выбары: Гэта будзе ўлетку, крайні тэрмін — канец жніўня. Ці скончыцца да гэтага часу эпідэмія

Як выбірала апазіцыя

Апазіцыйныя партыі вырашылі ў 2020 вылучыць адзінага кандыдата па выніках праймерыз — папярэдняга галасавання. Праймерыз апазіцыі ўключае ў сябе тры этапы: рэгіянальныя паездкі (яны пачаліся ў сакавіку, але 18 сакавіка былі спыненыя ў сувязі з распаўсюджваннем каранавіруса), анлайн-галасаванне і Кангрэс дэмакратычных сіл, прызначаны на канец траўня, піша naviny.by.

Па выніках паездак па рэгіёнах першае месца заняў Юрый Губарэвіч (рух «За Свабоду», 248 галасоў), другое — Мікалай Казлоў (выконваючы абавязкі старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі, 61 голас), трэцяе — Вольга Кавалькова (незалежны кандыдат, 28 галасоў).

Гэтыя вынікі не зацвердзіў штаб праймерыз, бо гэтая частка праймерыз не была завершана. Яшчэ да таго, 16 сакавіка, іх пакінулі Павел Севярынец і Аляксей Янукевіч.

Анлайн-галасаванне апазіцыі пачалося 27 сакавіка і завяршылася 30 красавіка ў 23:59. За гэты перыяд у лідэрах паспелі пабываць усе тры ўдзельнікі, але апошнім часам першае месца ўтрымліваў менавіта Мікалай Казлоў, ён і стаў пераможцам у анлайн-этапе.

Відавочна, што на трэці этап праймерыз часу не засталося.

…і кандыдат-блогер

6 траўня аб сваім жаданні ўдзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах абвясціў гомельскі блогер Сяргей Ціханоўскі. Ён паведаміў пра гэта ў роліку, які з’явіўся на яго YouTube-канале «Страна для жизни» (154 тысячы падпісантаў) 6 траўня пасля таго, як Ціханоўскага затрымалі пад Магілёвам. У відэа ён распавёў, чаму вырашыў удзельнічаць у кампаніі і якіх пераменаў у Беларусі хоча дасягнуць. 7 траўня стала вядома, што Ціханоўскі, верагодна, будзе адбываць 15 сутак арышту за акцыі ў падтрымку незалежнасці ў снежні мінулага года, якія праходзілі ў Мінску, піша naviny.by. У такім выпадку ён не паспее зарэгістраваць ініцыятыўную групу.


Чытайце таксама: Да гродзенцаў, якія падтрымалі блогера Ціханоўскага, пачынае прыходзіць міліцыя

Паводле афіцыйных звестак Міністэрства аховы здароўя, па стане на 11 лютага ў Беларусі пацверджана 263 551 выпадак каранавіруса (1692 за апошнія суткі), ачунялі і выпісаны 252 068 (1990 за апошнія суткі) пацыентаў, памёрлі 1820 чалавек (9 за апошнія суткі).