Сёння, 4 чэрвеня, прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прызначыў склад новага ўрада. Рашэнне аб адстаўцы ранейшага агучылі напярэдадні, вечарам 3 чэрвеня. Цяпер у Беларусі новы прэм’ер-міністр і кіраўнікі некалькіх міністэрстваў.

Новым прэм’ер-міністрам Беларусі стаў Раман Галоўчанка, паведаміла прэс-служба прэзідэнта. Да гэтага з 2018 года ён быў старшынёй Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта. Напярэдадні прызначэння ён прыходзіў да Лукашэнкі с дакладам аб стане спраў на падведамных прадпрыемствах і арганізацыях Дзяржкамваенпрама.

Раман Галоўчанка. Фота TUT.BY.

«Гэта надзейны чалавек, якому можна давяраць. Які разумее, ад зямлі, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Ён патрыёт сваёй краіны, нарадзіўся і вырас у Беларусі. Аб’ездзіўшы ўвесь свет, ён не застаўся нідзе, ні ў адной краіне. Для нас вельмі важна цяпер, каб да ўлады прыйшлі патрыёты і прафесіяналы».

Раману Галоўчанка 46 гадоў. Ён скончыў Маскоўскі дзяржаўны інстытут міжнародных адносін МЗС Расійскай Федэрацыі па спецыяльнасці «Міжнародныя адносіны», у 2003 годзе — Акадэмію кіравання пры прэзідэнце па спецыяльнасці «Эканоміка і кіраванне знешнеэканамічнай дзейнасцю». З 1997 па 2002 год працаваў у Савеце Бяспекі, да 2005 быў намеснікам начальніка аддзела ў Генпракуратуры, працаваў у Адміністрацыі прэзідэнта, Дзяржкамваенпраме. У 2013−2018 гадах быў паслом Беларусі ў ААЭ.

Каго яшчэ замянілі ва ўрадзе

Віцэ-прэм'ерам прызначаны Аляксандр Субоцін. У 2015−2017 гадах ён быў намеснікам міністра сельскай гаспадаркі, потым працаваў у Адміністрацыі прэзідэнта, а ў 2018-м атрымаў працу ў Маскве, стаўшы членам калегіі (міністрам) па прамысловасці і аграпрамысловаму комплексу, піша TUT.BY.

Першым віцэ-прэм'ерам стаў Мікалай Снапкоў. Намеснікам кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Лукашэнка прызначыў Дзмітрыя Крутога. Камітэт дзяржаўнага кантролю ўзначаліў Іван Цэрцэль.

Таксама стала вядома, што ў Беларусі памяняліся міністр будаўніцтва, прамысловасці, фінансаў, ЖКГ і інфармацыі. Новым міністрам інфармацыі стаў Ігар Луцкі, былы гендырэктар тэлеканала «СТВ».

«Трапячыце, СМІ!», — пракаментаваў прызначэнне тэлеграм-канал прэс-службы прэзідэнта «Пул Першага».

Лукашэнка таксама распавёў пра сваю гутарку з Сяргеем Румасам, ужо былым прэм’ерам: «Вялікіх прэтэнзій няма, але чалавек хоча займацца бізнесам. Я вітаю!».

Сяргей Румас займаў сваю пасаду са жніўня 2018 года. Экс-прэм'еру 50 гадоў, у яго чацвёра сыноў. Аб адстаўцы Румаса стала вядома сёння раніцай. У новы склад урада ён не ўвайшоў.

«Яшчэ раз хачу падкрэсліць: нават тыя, хто не трапіць сёння ў новы Урад, без працы не застануцца, яны не ворагі», — сказаў Лукашэнка.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ратацыя кадраў і абнаўленне складу ўрада былі праведзены каля года таму. «Гэта натуральны працэс. […] Натуральна, пасля выбараў - гэта іспыт. Мы паглядзім, хто як здае экзамен, — растлумачыў ён. — Гэты ж партфель нікому не даецца навечна, у тым ліку мне. Мяне абірае народ, вас прызначае прэзідэнт. Усё па Канстытуцыі».

Чытайце таксама: Прэтэндэнты ў кандыдаты могуць агітаваць? ЦВК адказала на скаргі пра выказванне Лукашэнкі