Заснавальнік Парка высокіх тэхналогій гродзенец Валер Цапкала ідзе на прэзідэнцкія выбары. Пра піша n*.by, спасылаючыся на заяву Цапкалы на яго старонцы ў фэйсбуку.
Цапкала піша, што ў свеце адбылася рэвалюцыя: на змену эпохі мас прыйшоў час асабістай свабоды чалавека.
«Замест прымітыўнай «вертыкалі кіравання» прыйшлі новыя метады арганізацыі дзяржавы і грамадства, заснаваныя на партнёрстве, супрацоўніцтве і гарызантальным узаемадзеянні.
Гэтая рэвалюцыя прайшла міма Беларусі. Больш за тое, звыш чвэрці стагоддзя краіна рухалася ў процілеглым кірунку. У краіне зацвярджаліся сямейныя, неафеадальныя адносіны з магчымасцю праявы розных формаў капрызнасці, бесцырымоннасці і грубасці ў адносінах да тых, хто стаіць ніжэй у сацыяльнай лесвіцы", — крытыкуе цяперашнюю сітуацыю ў Беларусі Цапкала.
У выніку сфарміравалася грамадства, пазбаўленае іскраў творчасці, смеласці, адвагі, лічыць ён.
«Вынікі гэтага мы добра бачым. Эканоміка страціла канкурэнтаздольнасць, а грамадства — здольнасць да развіцця», — піша стваральнік ПВТ.
Чытайце таксама: У Гродне закрываецца Парк высокіх тэхналогій
Цапкала адзначае, што пакуль свет бурна развіваўся эканамічна, Беларусь тапталася на месцы.
«Гэтае затхлае паветра і атмасфера бесперспектыўнасці дэмаралізуе людзей, забівае іх аптымізм і творчы запал», — піша ён.
Цапкала таксама апісаў катастрафічную дэмаграфічную сітуацыю ў краіне.
«Беларускае Адраджэнне, магчымасць якога яшчэ адчувалася ў сярэдзіне 90-х гадоў мінулага стагоддзя, не адбылося. Яно змянілася часамі нягоды, перыядам застою, стагнацыі, грамадскай апатыі і абыякавасці», — працягвае ён.
Чытайце таксама: Прэзідэнцкія выбары ў Беларусі пройдуць 9 жніўня. На рэгістрацыю ініцыятыўных груп застаўся тыдзень
Самая вялікая пагроза для Беларусі — гэта неэфектыўная эканоміка, архаічная сістэма кіравання, беднасць, лічыць Цапкала.
Ён піша, што прыняў рашэнне балатавацца на пасаду прэзідэнта.
«У мяне дастаткова для гэтага і кіраўніцкага і жыццёвага вопыту! Маючы сур’ёзныя кантакты ў палітычных і дзелавых колах ў розных краінах свету, я змагу іх выкарыстоўваць на карысць народа Беларусі!» — піша Цапкала.
Хто такі Валер Цапкала?
Валер Цапкала нарадзіўся 22 лютага 1965 года ў Гродне.
У 1991 г. скончыў Маскоўскі дзяржаўны інстытут міжнародных адносін Міністэрства замежных спраў СССР, а ў 1992 г. — аспірантуру гэтага ж інстытута.
Быў саветнікам Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь XII-га склікання і Выканаўчага сакратарыята Садружнасці Незалежных Дзяржаў (1993—1994 гг.).
З 8 жніўня 1994 да 20 студзеня 1997 гг. быў першым намеснікам міністра замежных спраў Рэспублікі Беларусь.
24 лютага 1997 г. быў прызначаны Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Беларусь у Злучаных Штатах Амерыкі і Мексіцы па сумяшчальніцтве, адстаўлены з гэтых пасад быў 2 красавіка 2002 г.
З 2002 да 2005 гг. працаваў памочнікам Лукашэнкі — каардынаваў аналітычную дзейнасць, не абмяжоўваючыся сферай міжнародных адносін, быў паўнамоцным прадстаўніком прэзідэнта ў Нацыянальным сходзе.
11 кастрычніка 2005 г. заняў пасаду кіраўніка ПВТ. 2 сакавіка 2017 года Лукашэнка звольніў яго.