20−22 траўня адбудуцца чарговыя Tandem evenings in Hrodna. Гэта нефармальныя сустрэчы, на якіх магчыма папрактыкаваць цікавую вам замежную (ці нават родную) мову ў камунікацыі. У час пандэміі імпрэзы перавялі ў анлайн-фармат.
Сустрэчы будуць проходзіць ужо ў звыклым усім анлайн-фармаце, на пляцоўцы Zoom, піша edustudio.by. Паглядзець, як праходзілі першыя Tandem evenings in Hrodna можна па гэтай спасылцы.
На чарговых сустрэчах будуць працаваць пяць моўных столікаў. Можна браць удзел у некалькіх моўных століках. Пачатак усіх сустрэч у 19 гадзін.
- Польскі моўны столік — 20 траўня, мадэратарка Катажына Рамбеза.
- Італьянскі моўны столік — 21 траўня, мадэратарка Ганна Урбановіч.
- Нямецкі моўны столік — 21 траўня, мадэратары Таццяна Грыц і Хрысціан Біондзі.
- Англійскі моўны столік — 22 траўня, мадэратар Максім Храмчанкоў.
- Беларускі моўны столік — 22 траўня, мадэратар Андрэй Несцяровіч.
Каб далучыцца да сустрэч, запоўніце, калі ласка, кароткую апытанку да 17 траўня па гэтай спасылцы.
Дадатковую iнфармацыю можна атрымаць па тэлефону +375 292 920 181, а за анонсамі сачыце ў Фэйсбуку.
Для каго сустрэчы
Tandem Evenings in Hrodna — гэта магчымасць паразмаўляць на розных мовах, падзяліцца сваімі ведамі і досведам, абмяняцца культурным досведам пра іншыя краіны, сустрэць жыхароў замежных краін і людзей, якім цікава развівацца і знаёміцца з іншымі культурамі.
Сустрэчы Tandem Evening in Hrodna — адкрытыя. Яны прызначаны для тых, хто добра размаўляе на нейкай мове, а таксама для тых, хто толькі пачынае яе вывучаць. Мадэруе той, хто найлепш валодае мовай.
Пачаць бізнес і загаварыць па-італьянску. 10 новых магчымасцяў для гродзенскай моладзі
Як гэта працуе?
— Мы збіраемся за рознымі «моўнымі сталамі» і размаўляем на розныя цікавыя для вас тэмы. Ты слухаеш носьбітаў той альбо іншай мовы і тых, хто хоча лепш авалодаць ёй, уключаешся ў размову, калі лічыш патрэбным. Няма сэнсу вывучаць замежную мову, калі ты не спрабуеш размаўляць на ёй!, — перакананыя арганізатары.
Вясновыя сустрэчы ў межах Tandem Evenings in Hrodna ладзяцца сумесна ўстановай «Цэнтр дадатковай адукацыі дарослых «Студыя карысных кампетэнцый», грамадскім аб’яднаннем «Цэнтр «Трэці Сектар», Вэб-парталам Hrodna.Life, Валанцёрскай групай «Крок насустрач», у партнёрстве з Міжнароднай некамерцыйнай арганізацыяй Pact пры падтрымцы Агенцтва ЗША па міжнародным развіцці (USAID).