Каля 20 гродзенцаў увечары 6 мая сабраліся ў парку Жылібера ў падтрымку блогера Сяргея Ціханоўскага — аўтара канала «Страна для жизни». Яго ў той дзень затрымала міліцыя ў прыгарадзе Магілёва.

Блогер падчас затрымання вёў стрым. Ён паспеў папрасіць падпісчыкаў канала прыехаць на месца інцыдэнту і падтрымаць яго.

У Гродне падпісчыкі Ціханоўскага сабраліся ў парку Жылібера. Прыйшло каля 20 чалавек. За імі пільна сачылі каля дзясятка супрацоўнікаў міліцыі. Пасля гэтага гродзенцы вырашылі сабрацца ў іншым месцы.

«Сяргей Ціханоўскі робіць добрую справу, — распавядае Алена С. — Мы яго падтрымліваем і перажываем. Нам неабыякава, што з ім адбываецца. І сёння мы выйшлі ў Гродне ў знак салідарнасці, так робяць людзі па ўсёй Беларусі. Не паспелі мы сабрацца, як за намі пачалі сачыць супрацоўнікі міліцыі».

«Мы за салідарнасць, — распавядае грамадзянскі актывіст Мікалай Салянік. — Сабраліся, каб падтрымаць Сяргея. Мы яго падтрымліваем, паважаем, падтрымліваем яго палітыку. Ён сапраўдны патрыёт. Жадаем, каб яго хутчэй выпусцілі. Я думаю, цяпер будзе з кожным днём людзей усё больш выходзіць».

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт info@hrodna.life

Рэпарцёр, фатограф, краязнаўца. Самы хуткі журналіст Гродна на ровары. Руслана і яго ровар ведаюць многія гараджане: ад чыноўнікаў да бамжоў. Падчас службы ў войску быў разведчыкам, а цяпер даказвае, што выведнік былым не бывае. Працуе ў Hrodna.life з 2013 года, калі сайт яшчэ працаваў пад брэндам «Твой стыль». У канцы 2018 выдаў кнігу «Горад адзін, успаміны розныя», дзе сабраў успаміны гродзенцаў пра 1930−40-я гады.