У прамым эфіры VOKA 4 мая пакажуць спектакль Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы «Ураджай». Доступ да прагляду бясплатны для карыстальнікаў відэасэрвісу з любой кропкі Беларусі і за яе межамі. Трансляцыя праводзіцца ў рамках спецыяльнага праекта да 100-га сезона Купалаўскага тэатра, які праходзіць пры падтрымцы генеральнага партнёра — кампаніі А1.

«Ураджай» — спектакль па п’есе аднаго з самых запатрабаваных беларускіх драматургаў сучаснасці Паўла Пражко. Яго тэксты перакладаюцца на дзясяткі моваў свету, ставяцца на сцэнах розных краін і абмяркоўваюцца на міжнародных конкурсах, але ў Беларусі імя Пражко можна ўбачыць на афішах нешматлікіх тэатраў.

Купалаўскі тэатр выпусціў прэм’еру «Ураджай» у мінулым сезоне, і зараз гэта адзін з найбольш папулярных спектакляў на Камернай сцэне. Яго рэжысёр — Дзмітрый Цішко, знаёмы гледачам па пастаноўцы «Каханне як мілітарызм», якую таксама трансліравалі на VOKA. Гэтым разам ён узяўся за гісторыю чацвярых маладых людзей, якія прыйшлі збіраць яблыкі ў садзе, але ў іх увесь час штосьці ідзе не так — пчолы джаляць, скрыні развальваюцца да цвікоў, а сама садавіна аказваецца каменнай.

Прамы эфір 4 мая будзе даступны ў мабільным прыкладанні VOKA ці на сайце voka.tv з любой прылады і ў сетцы любога аператара Беларусі іншых краін свету нават без аўтарызацыі. Шматкамерная мастацкая здымка ў высокай якасці дазволіць кожнаму гледачу максімальна паглыбіцца ў атмасферу тэатральнай залы і ўбачыць усё, што адбываецца на сцэне, з розных ракурсаў. Паказ пачнецца, а 19-й гадзіне.