За паўгода новыя ўладальнікі зрабілі з закінутага сутарэння на Савецкай сучаснае кафэ-пякарню. Установа пад назвай «МаМма Mia» пачала працу 24 красавіка.
Кафэ знаходзіцца ў падвале на рагу вуліцы Савецкай пад крамай «Ратушны». Праект інтэр'ераў распрацавала тая ж фірма, якая распрацоўвала дызайн рэстарана «Бакст». У гэтых двух кафэ адзін уласнік — сям’я Гуліевых.
Гісторыя з адкрыццём пякарні ў падвале старадаўняга будынка выклікала жывое абмеркаванне ў гараджан. Некаторым не падабалася, што ўласнікі сталі прабіваць дадатковы ўваход у старадаўні склеп на тратуары пешаходнай вуліцы. Уласнік кафэ Ігар Гуліеў тлумачыў, як яму ўдалося атрымаць дазвол на такія працы.
А навуковы кіраўнік аб’екта Вадзім Гліннік распавядаў пра некаторыя праблемы прынятага рашэння. У выніку уласнікам усё ўзгаднілі і праз шэсць месяцаў пасля пачатку рамонту яны адчыніліся.
Чытайце таксама: «Новый вход — современное решение». Кто разрешил копать и пробивать стену в старинном подвале на Советской?
«Мы далі гэтаму месца другое жыццё і гэта не параўнаць з тым, што тут было раней — проста закінуты склеп, — расказвае намеснік кіраўніка кафэ Яўгенія Гаўрыцкая. — Самым складаным для нас было атрымаць узгадненне на працы. Працэс аднаўлення такога склепа ў гістарычнай частцы Гродна складаны і дарагі, але гэта было таго варта».
У кафэ вялікі выбар выпечкі. У меню ёсць круасаны, піражкі, кібіны (караімскія піражкі, папулярныя ў Літве), сінабоны, чабаты і вялікая дэсертная група.
«Меню будзе пастаянна мяняцца, усё будзе залежаць ад жаданняў кліентаў. У планах у нас яшчэ і выпечка розных відаў хлеба. З напояў пакуль кава, чай і булён. Да канца месяца ў нас з’явяцца ўзвар і морсы ўласнага прыгатавання», — дадала Яўгенія.
Установа разлічана на 14 пасадачных месцаў.
Час працы: з 09:00 — 21:00