Савет міністраў Беларусі 17 красавіка датэрмінова спыніў дзеянне пастановы ад 30 сакавіка № 184 «Аб часовых мерах па стабілізацыі сытуацыі на спажывецкім рынку». Раней было забаронена павышаць цэны больш як на 0,5% за месяц. Прычынай адмены назвалі стабілізацыю цэнавай сытуацыі.

Згодна з пастановай № 184 асобным міністэрствам і ведамствам даручалася не дапускаць росту адпускных цэн або тарыфаў на тавары і паслугі, што выпускаюцца ці аказваюцца падпарадкаванымі арганізацыямі, вышэй як на 0,5% штомесяц. Таксама нельга было дапускаць павышэння цэнаў або тарыфаў вышэй як на 0,5% штомесяц юрыдычным асобам усіх формаў уласнасці і ІП, якія вырабляюць, увозяць або прадаюць тавары, аказваюць паслугі на ўнутраным рынку. Павышэнне цэнаў вышэй за ўстаноўленую мяжу дапускалася толькі пасля ўзгаднення з камісіяй па пытаннях дзяржаўнага рэгулявання цэнаўтварэння пры ўрадзе.

Пастанова павінна была дзейнічаць да 30 чэрвеня, аднак дзелавая супольнасьць выступіла катэгарычна супраць паўсюднага кантролю за цэнамі, піша «Радыё С**бода». Такую ж пазіцыю заняла і Рада па развіцці прадпрымальніцтва — кансультатыўны орган пры прэзідэнце. На думку Рады, з улікам высокага імпартнага складніка ў структуры выдаткаў айчынных прадпрыемстваў паўсюдны кантроль цэнаў «справакуе адмову ад выпуску асобных відаў тавараў у сувязі з эканамічнай немэтазгоднасцю іх вытворчасці». Пасля рэзкага падзення цэн на нафту ў першай дэкадзе сакавіка беларускі рубель значна аслабеў да долара, у выніку імпарт пачаў даражэць. Гэта паставіла пад пагрозу выкананне гадавога плану па інфляцыі (ня больш за 5%).

Апошнім часам сітуацыя на валютным рынку крыху стабілізавалася, курс долара знізіўся.

Цяпер на працягу 90 дзён будуць рэгуляваць цэны толькі на 26 сацыяльна значных тавараў. Гэта прадугледжана пастановай Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю ад 15 красавіка № 30.

Цэны будуць рэгуляваць на наступныя тавары:

  • свежая рыба (сямейства карпавых),
  • сметанковае масла,
  • пшанічная мука,
  • сланечнікавы і рапсавы алей,
  • кухонная соль,
  • мяса (ялавічына, свініна, мяса курэй і куранят-бройлераў),
  • адрубы і буйнакавалкавыя паўфабрыкаты,
  • вараныя каўбасныя вырабы (каўбасы вараныя, сасіскі, сардэлькі),
  • яйкі курыныя свежыя,
  • мясныя і рыбныя кансервы,
  • сухое малако,
  • пастэрызаванае каровіна малако,
  • кефір з каровінага малака,
  • смятана,
  • тварог,
  • пітная вада ў бутэльках,
  • цвёрдае туалетнае і гаспадарчае мыла,
  • запалкі,
  • жаночыя гігіенічныя пракладкі,
  • падгузнікі,
  • туалетная папера.