13 і 14 красавіка ў судзе Ленінскага раёна Гродна прайшлі спрэчкі бакоў. Пракурор запрасіла для абвінавачанага 11 гадоў пазбаўлення волі з узмоцненым рэжымам. Адвакат просіць апраўдаць па двух артыкулах і даць па арт. 328 ч. 1 мінімальны тэрмін, не звязаны з пазбаўленнем волі.
Што за справа?
9 сакавіка пачалі судзіць выкладчыка робататэхнікі, які, на думку следства, на ўроках ужываў наркотыкі і схіляў да гэтага сваіх вучняў. Мужчыну прад’яўлена абвінавачанне па артыкулах — 328 ч. 3, 332 ч. 1 і 331 ч. 2 КК РБ. Абвінавачваны віну прызнаў толькі па арт. 328 ч. 1 — незаконны абарот наркатычных сродкаў.
Паводле звестак следства, 38-гадовы гродзенец з верасня 2018 года да кастрычніка 2019 года набываў марыхуану і частаваў ёю непаўналетніх-сваіх вучняў. Гродзенца затрымалі 4 кастрычніка 2019 года. Расследаванне вялося чатыры месяцы. Калі яго затрымалі, аказалася, што за ім сачылі з ліпеня 2019 года — столькі часу ў кабінеце знаходзілася камера.
Судовае следства доўжылася больш за месяц. У канцы следства мужчына даў паказанні і сказаў, што з вучнямі ён курыў палын і шалфей, а замест ЛСД была папера. Па яго словах, ён спецыяльна ствараў ілюзію чагосьці забароненага, калі кожны з вучняў заўважаў у кабінеце прыстасаванні для курэння марыхуаны. Таго, што ён сам ужываў і набываў марыхуану, выкладчык не адмаўляе. Не знайшлі падчас следства і куст, які фігуруе на відэа.
Што просіць дзяржабвінаваўца?
Пракурор запрасіла для абвінавачанага 11 гадоў пазбаўлення волі з узмоцненым рэжымам. Са справы прыбралі паўторную куплю наркотыку — пракурор пагадзілася, што марыхуана набывалася абвінавачаным за адзін раз. Прызналі, што ён дзейнічаў не ў стане наркатычнага ап’янення.
Што просіць адвакат?
Адвакат адзначыў грамадскі рэзананс, які атрымала справа. Што, магчыма, паўплывала на справу і яго фігурантаў. Адзначым, што першыя публікацыі з’явіліся па інфармацыі мясцовай міліцыі.
Адвакат лічыць, што віна па арт. 332 ч. 1 і арт. 331 ч. 2 КК РБ, гэта значыць, схіленне непаўналетніх да ўжывання наркотыкаў і прадастаўленне для гэтага памяшкання, не даказаная. Ён кажа, што вучні не былі перакананыя, што абвінавачаны кажа няпраўду. А ўлічваючы, што яны да гуртка і пасля не ўжывалі марыхуану, яны не могуць параўнаць атрыманы эфект з рэальным. Так што іх словы — толькі меркаванне. Што тычыцца прадастаўлення памяшкання, у размове не было запрашэння папаліць менавіта там.
Арт. 328 ч. 3 фігураваць у справе не можа, бо не было мэты збыту і не было дзеянняў, учыненых паўторна, лічыць адвакат. Ён просіць назваць мінімальнае пакаранне, не звязанае з пазбаўленнем волі, паводле арт. 328 ч. 1, па якім віну прызнаў абвінавачаны. Таксама просіць улічыць Закон «Аб амністыі ў сувязі з 75-годдзем вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў».
Адвакат звяртае ўвагу на станоўчую характарыстыку абвінавачанага па месцы працы. 32 чалавекі з ліку бацькоў, чые дзеці наведвалі гурток робататэхнікі, напісалі ліст у суд, дзе называлі абвінавачанага добрым спецыялістам і педагогам. Станоўча характарызавалі яго суседзі і калегі. Адмоўную характарыстыку даслалі толькі з СІЗА турмы № 1 г. Гродна. Адвакат тлумачыць гэта рэакцыяй абвінавачанага на паведамленні аб артыкулах, якія яму спрабавалі першапачаткова інкрымінаваць , — яго спрабавалі абвінаваціць у педафіліі. Гэтак жа ён адзначыў, што ў зале пасяджэння прагучалі словы выбачэнняў з боку абвінавачанага і прабачэння — ад пацярпелых.
Прысуд вынесуць праз тыдзень. Hrodna.life будзе сачыць за працэсам.