У судзе Ленінскага раёна Гродна 9 сакавіка пачаўся разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да кіраўніка гуртка робататэхнікі, які, на думку следства, на ўроках ўжываў наркотыкі і схіляў да гэтага сваіх вучняў, паведамляе 015.by.

На паседжанне прыйшлі трое пацярпелых – непаўналетнія вучні гуртка і іх законныя прадстаўнікі. Мужчыну абвінавачваюць па артыкулах – 328 ч.3, 331 ч.1 і 331 ч.2 КК РБ. Абвінавачаны адмовіўся ад дачы паказанняў і сваю віну прызнаў толькі па арт. 328 ч. 1 – незаконны абарот наркатычных сродкаў.

Следчымі было выяўлена, што аднаго пацярпелага ён схіліў не менш за 12 разоў да ўжывання наркотыкаў, іншага – не менш як 9, не менш за 3 разы – трэцяга пацярпелага. Пракурор зачытаў абвінавачванне, згодна з якім абвінавачваны набываў, захоўваў і перавозіў небяспечныя наркатычныя сродкі, а таксама неаднаразова схіляў сваіх вучняў да ўжывання марыхуаны і ЛСД.

Што яму пагражае?

Па арт. 328 ч.3 КК РБ яму пагражае пазбаўленне волі ад васьмі да пятнаццаці гадоў са штрафам або без штрафу. Па арт. 331 ч.1 КК РБ – абмежаванне волі на тэрмін да пяці гадоў або пазбаўленне волі на той жа тэрмін. Па арт. 331 ч.2 КК РБ – пазбаўленне волі на тэрмін ад трох да дзесяці гадоў.

Калі ў сукупнасць злачынстваў уваходзіць хаця б адно асабліва цяжкае злачынства, то канчатковае пакаранне прызначаецца шляхам частковага або поўнага складання пакаранняў. Пры гэтым канчатковае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі не можа быць большым за дваццаць гадоў.

“Было цікава пакаштаваць”

15-гадовы вучань распавядаў, што на занятках было цікава і выкладчык ставіўся да іх добра. Упершыню яму прапанавалі пакаштаваць наркотык у верасні 2018 года, калі яны засталіся адны. Вучань здзівіўся, але пагадзіўся. Абвінавачаны дастаў празрысты пакецік з тумбачкі, фальгу і пачаў круціць трубачку. Вучань казаў, што ён пагадзіўся, бо было цікава пакаштаваць. Адзначае, што яго ніхто не заклікаў, не схіляў, не заахвочваў.

У судзе абвешчаны перапынак.

За выкладчыкам сачылі паўгода

Па дадзеных следства, 38-гадовы гродзенец з верасня 2018 года па кастрычнік 2019 года набываў марыхуану і частаваў ёю непаўналетніх – сваіх вучняў. Мужчына вёў курс «Робататэхніка». Гродзенца затрымалі 4 кастрычніка 2019 года. Расследаванне ішло чатыры месяцы. Калі яго затрымалі, апынулася, што за ім сачылі ўжо паўгода – столькі часу ў кабінеце знаходзілася камера.

Бацькі дзяцей не верылі, што такое магло адбыцца. Казалі, што ні разу не адчувалі ў кабінеце паху марыхуаны або цыгарэт. Яны выказаліся аб выкладчыку станоўча: казалі, кошты ў яго курса нізкія, а якасць высокая. У планах было арганізаваць збор грошай, напісаць хадайніцтва ў суд, арганізаваць юрыдычную дапамогу і сведчыць у судзе. У абвінавачанага ёсць жонка і трое дзяцей. Малодшаму – каля двух гадоў.

марихуана

Начнут судить преподавателя, который угощал марихуаной учеников

Гродненцу, который угощал марихуаной своих учеников, вынесли обвинение

Задай пытанне, дашлі заўвагу або прапануй тэму