Гродзенскі мастак-рэстаўратар Аляксей Навумчык у дворыку гандлёвага цэнтра ABC на вуліцы Найдуса працуе над стварэннем новых роспісаў. Праект называецца «Эпохі Гродна».
У дворыку гандлёвага цэнтра ABC на працягу некалькіх гадоў можна было ўбачыць вялікія роспісы сцен з відамі Гродна пачатку XX стагоддзя, а таксама панараму старога горада з левага берага Нёмана. Але ў пачатку лістапада 2019 года гарадскія службы разбурылі сцяну з часткай малюнкаў. Рабочыя спасылаліся на аварыйнасць сцяны. Тады ж кіраўніцтва гандлёвага дома «Нёман» паабяцала ў будучыні аднавіць малюнкі.
Новы праект будзе складацца з чатырох малюнкаў, якія раскажуць пра эпохі Гродна. Аляксей Навумчык плануе працаваць над роспісамі два месяцы. Вось, што распавядае пра сваю задумку аўтар:
Эпоха Адраджэння
— Першы малюнак будзе прысвечаны эпосе Адраджэння. Задумка трохі рамантычная, вечны сюжэт пра каханне. Усё тое, што было яркім у той час, я паспрабую ўнесці ў кампазіцыю гэтай роспісу. Ну і паколькі ў нас няма дакладных малюнкаў горада таго часу, я выкарыстаў гравюру Макоўскага 1600 г. Гэта адзінае, што можна было выкарыстоўваць. З гэтай гравюрай я звязваю свой роспіс. Гэта будзе перагукацца з карцінамі мастакоў эпохі адраджэння і нашым горадам.
Царскі перыяд
— Тут я хачу намаляваць апошні залаты пік, калі ніхто не чакаў, што будзе крах імперыі, а гэта Першая сусветная і рэвалюцыя. Людзі жылі мірным жыццём, будавалі горад і адпачывалі. Будзе намаляваны былы палац Сангушак, гродзенцы таго перыяду ў прыгожых строях і від на сучасную вуліцу Савецкую. Тады яна звалася Саборная.
Міжваенны перыяд
— Ці, як яшчэ называюць гэты перыяд — польскі час. Тут хочацца перадаць атмасферу 1930-х гадоў. І тады была своеасаблівая культура. Ніхто не чакаў, што пачнецца вайна. У гэтым перыядзе хочацца намаляваць гродзенцаў таго часу на рагу вуліц Дамініканскай (сучасная Савецкая) і Ажэшкі.
Тут я шмат у чым адштурхоўваюся ад фотаздымкаў міжваеннага перыяду.
Савецкі перыяд
— Своеасаблівая эпоха і мірнае жыццё. На роспісе будуць 70-я гады, калі ўжо быў пабудаваны ўнівермаг. Там я паспрабую паказаць характэрныя для савецкай эпохі фігуры, вопратку, аўтамабіль. Можна сказаць, ствару антураж, які пераносіць у гэта не такое далёкае мінулае.