Аляксей Навумчык з Гродзенскага гісторыка-археалагічнага музея ўжо 8 гадоў рэстаўруе старадаўнія карціны і іконы. Зараз майстар працуе над палатном 17 стагоддзя, якое калісьці вісела ў брыгіцкім манастыры, але было схавана ў часы Савецкага саюза.

Гэтай карцінай Аляксей Навумчык пачаў займацца пасля выставы «Сакральная спадчына Панямоння» ў Новым замку. На ёй выстаўлялі палотны, знойдзеныя ў сутарэннях брыгіцкага касцёла, напрыклад партрэты магнатаў Весялоўскіх эпохі Вялікага княства Літоўскага. Карціна, над якой працуе Аляксей, таксама раней знаходзілася ў былым брыгіцкі храме, але ў савецкія гады яна была схаваная ў іншым месцы — у сценах Бернардынскага касцёла. На палатне намалявана з’яўленне Хрыста святой Брыгіце.

Маляваў «невядомы мастак»

«У канцы 2018 году ксёндз Антоній Грэмза прапанаваў мне ўзяцца за аднаўленне карціны 17 стагоддзя. Асноўны працы ў мяне хапала, але адмаўляцца ад такой сакральнай рэстаўрацыі было б няправільна.

Карціна была намаляваная як мяркуецца, у 17-м стагоддзі, але мы не можам дакладна гэта сцвярджаць. Аўтара мы таксама не ведаем, гэта, як цяпер кажуць, «невядомы мастак». Але я думаю, ён быў з мясцовых, толкам нідзе не змог вучыцца, таму што ў той час умелі добра маляваць у асноўным у Еўропе. Там была моцная школа мастакоў, на нашых землях такога мастацтва не было, усё было прымітыўна".

"Стаць ценем мастака". Гродзенскі майстар рэстаўруе карціну з Брыгіцкага манастыра

Выратаваць абраз

З-за таго, што абраз доўга захоўваўся на гарышчах і ў падвалах, ён трапіў да рэстаўратара з сур’ёзнымі пашкоджаннямі. Аляксей кажа, што гэта з-за захоўвання ў няправільным становішчы і перападаў тэмпературы.

«Карціна патрапіла да мяне складзенай, з дзіркамі. І спачатку мяне папрасілі проста нацягнуць яе на новае палатно, але я сказаў,
што ў такім выглядзе зрабіць гэта нерэальна. Важна было правесці які-небудзь аб’ём рэстаўрацыйных работ. Гэта было неабходна для выратавання абраза».

"Стаць ценем мастака". Гродзенскі майстар рэстаўруе карціну з Брыгіцкага манастыра

Стаць ценем мастака

Калі Аляксею далі дазвол на аднаўленне, ён разбіў сваю працу на некалькі этапаў.

«У мяне шмат асноўнай працы, таму карцінай займаюся ў вольны час. У гэтай справе спяшацца нельга. Праца далікатная, галоўнае не нашкодзіць. Спачатку я правёў дубляванне (склейванне палотнаў) і гэтак засцярог1 твор ад далейшага разбурэння.
Пасля нацягнуў карціну на экспазіцыйны падрамнік, зняў прафзаклейку і ачысьціў палатно адмысловым1 растворам. Далей стаў накладваць рэстаўрацыйны грунт туды, дзе ён страчаны.

Наступны этап — шліфоўка рэстаўрацыйнага грунту да патрэбнага стану. І канчатковы этап — запіс страт. Але паколькі аб’ём работ вялікі, шмат сколаў і страт, то праца будзе старанная і доўгая, на час трэба будзе стаць тым жа мастаком эпохі адраджэння, які пісаў калісьці гэтую карціну. Стаць яго ценем".

"Стаць ценем мастака". Гродзенскі майстар рэстаўруе карціну з Брыгіцкага манастыра
Абраз павесяць у храме

Пасля рэстаўрацыйных работ Аляксей перадасць палатно на законнае месца ў храм. Ксёндз Антоні Грэмза з Брыгіцкага касцёла адзначае, што гэтая карціна важная для іх храма.

«На карціне святая Брыгіта. Абраз вісеў у манастыры. У савецкія гады палатно перанеслі разам з іншымі рэчамі ў Бернардынскі касцёл. Там іх хавалі ад камуністаў, пакуль храм у 1990-х не вярнулі вернікам».

"Стаць ценем мастака". Гродзенскі майстар рэстаўруе карціну з Брыгіцкага манастыра

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт info@hrodna.life