Тэст-сістэму для выяўлення РНК каранавіруса распрацавала група навуковых супрацоўнікаў «Сивитала» на чале з прафесарам Валерыем Сямёнавым. Гэта дазваляе атрымаць вынік не больш чым за паўтары гадзіны, пішуць naviny.by.
«Дыягностыка сёння надзвычай важная, таму міністэрства прыняло рашэнне паскорыць сертыфікацыю і выдачу дазволу», – паведаміў БелаПАН уладальнік віцебскай кампаніі-распрацоўніка Сяргей Іваноў.
Выпуск тэст-сістэм і дастаўка ў віцебскія лабараторыі пачнуцца 7 красавіка.
«Мы пачынаем вытворчасць з заўтрашняга дня – гэта каля трох тысяч тэстаў у дзень. Далей – з нарошчваннем да 20 тыс. у дзень, – сказаў Іваноў. – У Віцебску будуць вызначаны лабараторыі, якія будуць праводзіць даследаванні. Для пачатку будзем пастаўляць у Віцебск, Мінск, Магілёўскую вобласць. Ужо ёсць заяўкі з Украіны, Расіі, Узбекістана, Казахстана».
Суразмоўца адзначыў, што кампанія закупіла неабходныя кампаненты для 100 тыс. тэстаў.


