Яшчэ адной ахвярай каранавіруса на выхадных стаў 51-гадовы кіроўца галоўнага офіса «БПС-Сбербанка» Эдуард Ціхаміраў. Ён памёр у 6-й бальніцы Мінска ў суботу, 4 красавіка, піша n*.by. Сваякі нябожчыка маюць намер судзіцца з яго працадаўцамі.

Пра гэта паведамілі брат і жонка Эдуарда. Сваякі выказваюць намер судзіцца з банкам.

«Мой малодшы брат памёр па віне банка, — перакананы брат памерлага. — Работнік банка нібыта прыехаў з Іспаніі і выйшаў на работу да таго, як прыйшоў станоўчы вынік тэста. Ён адпрацаваў некалькі дзён і пазаражаў астатніх.

Эдуард нават не ведаў, што працуе побач з заражаным! У выніку мой брат стаў кантактам першай групы. Яго жонка таксама ў інфекцыёнцы. І ў мяне, і ў яе ёсць цвёрды намер засудзіць банк».

А вось што расказвае жонка Таццяна. Яна не была афіцыйна распісана з Эдуардам, але пражыла з ім разам 14 гадоў і выгадавалі яе сына.

«Усё было так: 21 сакавіка мой муж захварэў, пачало ламіць косткі, тэмпература паднялася да 37,5. Ён прахварэў выхадныя, у панядзелак-аўторак яшчэ схадзіў на работу, бо тэмпература збівалася да 36,8. У сераду, 25 сакавіка, яму ўжо стала млосна, я сказала: ідзі на бальнічны, ён пайшоў. Увесь гэты час дома ён кантактаваў са мной, маім сынам і маім бацькам.

У суботу тэмпература пачала павышацца да 38 градусаў і далей. І тут пазваніў яго калега і кажа: „Эдуард, паколькі ты хворы, то я табе неафіцыйна скажу, што ў нас пацвердзіўся выпадак каранавіруса ў калектыве“.

Я выклікала хуткую, мужа забралі ў бальніцу. І вось праз 14 дзён ад пачатку захворвання Эдуард памёр… У пасведчанні аб смерці стаіць сардэчна-лёгачная недастатковасць, вірусная пнеўманія, каранавірусная інфекцыя COVID-19», — сказала Таццяна.

Па яе словах, з пахаваннем узніклі праблемы.

«Развітання не было, натуральна: ні дачка, ні я, ні брат, ні маці. Але гэта зразумела — бяспека. Яго крэміравалі, але як было: некалькі пахавальных арганізацый нам адмовілі, як толькі даведаліся пра каранавірус і інфікаванае цела. Я пазваніла ў МНС і папрасіла дапамагчы, там мне не адмовілі, але і не дапамаглі. У выніку мы знайшлі машыну, якая даставіла цела ў крэматорый. Целы зашываюць у вакуумныя пакеты», — кажа яна.

Па словах жанчыны, у яе самой вірус працякае ў лёгкай форме, але яе 71-гадовы бацька ў вельмі кепскім стане, ён пасля двух інсультаў.

«Я вельмі ўдзячная медыкам, яны вельмі стараліся, удзячна аддзяленню рэанімацыі 6-й клінікі, калектыву інфекцыйнай бальніцы, дзе я і мой сын цяпер. Дзяўчаты вельмі прыязныя, яны сапраўды для людзей працуюць. У мяне няма прэтэнзій ні да каго ў белым халаце, я ўпэўнена, што яны зрабілі для мужа ўсё, што маглі», — кажа жанчына.

Чытайце таксама: Крыніцы: У мінскай бальніцы каранавірусам інфікаваныя блізу 10 супрацоўнікаў

«Крыўдна чытаць, што паміраюць людзі, якія пакутавалі на хранічныя хваробы, крыўдна чытаць выказванні ў духу: «Як жа ён можа быць здаровы, калі важыць 135 кілаграм?».

Мой муж быў 2 метры ростам і таксама важыў 112 кілаграм! Гэта нармальная вага! У яго не было ніякіх хранічных захворванняў, ён не меў ні цукроўкі, ні сардэчных хвароб, у яго не было нават павышанага ціску! Натуральна, не трэба страху і панікі, але трэба клапаціцца пра людзей, своечасова ім паведамляць інфармацыю.

Калі б у нас былі ў запасе тыя чатыры дні, пакуль ён ляжаў дома і тэмпературыў, заражаючы мяне, майго бацьку, сына… Арганізацыя, у якой працаваў мой муж, дагэтуль з намі не звязвалася.

Я пакуль што нікога не вінавачу, у сітуацыі будуць разбірацца Следчы камітэт і пракуратура, калі я выйду з бальніцы", — дадала яна.

Па інфармацыі «Нашай Н**ы», прынамсі некалькі чалавек з галоўнага офіса «БПС-Сбербанка» з пацверджаным каранавірусам ізаляваныя.

У прыватнасці, у аднаго з дырэктараў дэпартамента хвароба працякае не вельмі лёгка. Аднак яго жонка кажа пра станоўчую дынаміку, яна спадзяецца, што муж неўзабаве пераможа вірус. Вядома і пра заражэнне на ўзроўні намесніка старшыні праўлення «БПС-Сбербанка».

«Наша Н**а» звярнулася да прэс-службы банка, пакуль адказу няма.