У студзені-сакавіку беларусы купілі на ўнутраным рынку на 450 млн даляраў больш, чым прадалі, піша «Радыё Свабода» са спасылкай на БелаПАН.

Паводле дадзеных Нацбанка, за тры першыя месяцы ў Беларусі купілі замежнай валюты на 2,69 млрд долараў, прадалі на 2,23 млрд долараў. Асобна ў сакавіку купля валюты фізічнымі асобамі склала 1,02 млрд долараў, продаж — 742,5 млн долараў.

Адпаведна, у сакавіку попыт перавысіў прапанову на 279,4 млн долараў. У лютым гэты паказнік склаў 128 млн долараў, у студзені - 44,8 млн долараў. Такім чынам, чыстая купля замежнай валюты ў сакавіку ў параўнанні са студзенем вырасла ў 6,2 раза.

У сакавіку курс долара ў Беларусі вырас на 15%, а з пачатку году — больш чым на 20%. Менавіта гэта прывяло да ўзмацнення дэвальвацыйных чаканняў і росту попыту на замежную валюту.

Чытайце таксама: «Бегчы ў абменнікі няма з чым». Чаму беларусы не стаяць у чэргах па валюту?

У мэтах абмежавання рызыкаў, звязаных з падвышанай валятыльнасцю курсу, Нацыянальны банк праводзіў валютныя інтэрвенцыі ў дадатковых аб’ёмах.

Пасля рэзкага падзення некалькі апошніх таргоў беларускі рубель нязначна ўмацоўваецца. 6 красавіка долар страціў больш за 1 капейку і цяпер каштуе 2,5708 рубля. Еўра патаннеў на 1,5 капейкі да 2,7798 рубля.