У Мінск увечары 1 красавіка даставілі гуманітарны груз з Кітая. У ім — рэагенты для правядзення тэстаў на выяўленне каранавіруса і сродкі абароны для медыкаў, паведаміў афіцыйны Тэлеграм-канал Міністэрства аховы здароўя.

У складзе грузу — тэсты, медыцынскія ахоўныя касцюмы, інфрачырвоныя тэрмометры, ахоўныя акуляры, аднаразовыя пальчаткі і бахілы.

«Тэсты будуць накіраваны ў РНПЦ эпідэміялогіі і мікрабіялогіі. А сродкі абароны — у першую чаргу ў тыя бальніцы, дзе найбольшая колькасць пацыентаў. Гэта інфекцыйная бальніца, 6-я клініка — непасрэдна тым, каму гэта цяпер неабходна», — распавёў намеснік міністра аховы здароўя Беларусі Барыс Андрасюк.

Пасол Кітая ў Беларусі Цуй Цымін растлумачыў, што гэтая гуманітарная дапамога — толькі першая партыя. Амбасада рыхтуецца набыць 10 тыс. тэст-сістэм з рэагентамі для выяўлення каранавіруса, арганізуе закупку масак, ахоўнага адзення, інфрачырвоных тэрмометраў, пульсаксіметраў і іншых медыцынскіх матэрыялаў у падарунак беларускаму боку.

Таксама Кітай накіруе ў Беларусь групу медыцынскіх экспертаў - для абмену вопытам і кансультацый.

Паводле інфармацыі kommersant.ru, Беларусь і іншыя краіны постсавецкай прасторы папрасілі дапамогі ў Расіі ў барацьбе з распаўсюджваннем каранавіруса. Беларусь накіравала афіцыйныя запыты з просьбай выдзеліць ахоўныя маскі, тэставыя сістэмы, апараты ШВЛ.


Мінздароўя пацвердзіла другую смерць ад каранавіруса. На лячэнні - 157 чалавек