Польшча ў змаганні з каранавірусам з 1 красавіка ўводзіць новыя абмежаванні, яшчэ больш жорсткія. Іх абвясціў 31 сакавіка прэм’ер-міністр Матэуш Маравецкі.

Цяпер у крамах можа знаходзіцца максімум 3 чалавекі на адну адкрытую касу. Напрыклад, калі ў краме адкрытыя 3 касы, то хадзіць па зале зможа максімум 9 чалавек. Яны абавязаныя надзяваць пальчаткі. На пошце на адно акенца можа прысутнічаць максімум 2 чалавекі.

У аптэках вылучылі адмысловыя гадзіны — 10.00−12.00, калі яны адкрытыя толькі для кліентаў старэйшых за 60 гадоў.

У крамах і іншых пунктах абслугоўвання трэба будзе праводзіць дэзінфекцыю ўсяго, чаго кранаўся кліент, пасля кожнага кліента.

Ад чацвярга выходзіць з дамоў можна толькі па адным чалавеку. Калі па вуліцы ідуць разам члены адной сям'і, яны павінны захоўваць дыстанцыю 2 метры. Гэта не тычыцца бацькоў з несамастойнымі дзецьмі і тых, то апякуецца людзьмі з інваліднасцю.

Будуць закрытыя для наведвання пляжы і публічныя паркі, скверы, бульвары, алеі, батанічныя і заапаркі. Бег і шпацыры застануцца легальнымі, але гэтага нельга будзе рабіць у парку. Урад Польшчы лічыць, што ў парках могуць збірацца людзі, а значыць — распаўсюджвацца вірус.

Забаронены пракат ровараў - катацца можна толькі на сваім ровары. Закрываюцца цырульні, касметычныя салоны, салоны тату і пірсінгу. Закрываюцца гатэлі.

Тыя, хто цяпер будзе прыязджаць з-за мяжы, будзе накіраваны на поўны каранцін. То бок, будзе ізаляваны нават ад сваёй сям'і.

За выкананнем абмежаванняў будзе сачыць паліцыя. Яна будзе даводзіць дадому непаўнагадовых, якія парушаюць забарону сходаў.

Па стане на 31 сакавіка ў Польшчы 2215 выпадкаў каранавіруса. 32 чалавекі памерлі.


«Лукашэнка не дапусціць». Што прымушае гродзенцаў сталага ўзросту выходзіць на вуліцу ў час пандэміі

Еўрасаюз выдзяляе Беларусі грошы на барацьбу з каранавірусам

Парады Лукашэнкі працуюць? Чаму ў Беларусі ўсё так добра з каранавірусам

У Польшчы могуць перанесці прэзідэнцкія выбары