Урад і Нацыянальны банк Беларусі паведамілі 30 сакавіка пра пачатак перамоваў з Міжнародным валютным фондам аб фінансавай падтрымцы «ў сувязі з выклікамі, што паўсталі перад эканомікай краіны з прычыны пагаршэння глабальнай эканамічнай сітуацыі і пандэміі каранавіруса».

Паводле іх супольнага прэс-рэлізу, гаворка ідзе пра «інструмент хуткага фінансавання МВФ», прызначаны для пераадолення сітуацыяў, якія вымагаюць экстранага фінансавання. МВФ раней заяўляў, што гатовы даць краінам з «сярэднім узроўнем даходу» на гэтыя мэты да 40 млрд долараў, піша «Радыё С**бода».

«Зыходзячы з умоваў доступу да інструменту хуткага фінансавання», Беларусь можа прэтэндаваць на крэдыт каля 900 млн долараў.

У канцы мінулага тыдня паведамлялася, што ў МВФ зафіксавалі небывалы ўсплёск запытаў экстранае фінансаванне. Такія запыты тады падала 81 краіна, уключна з 50 дзяржавамі з нізкім узроўнем даходу насельніцтва і 31 дзяржавай з сярэднімі даходамі.

Яшчэ тыдзень таму, 23 сакавіка віцэ-прэм'ер Беларусі Дзмітры Круты казаў, што Беларусь ня будзе звяртацца ў МВФ па экстранае фінансаванне ў сувязі з пандэміяй каранавіруса. Перамовы аб новай краінавай праграме пачнуцца пасля прэзідэнцкіх выбараў, казаў Круты, бо фонд «не вядзе перамоваў пра крэдыты падчас электаральных кампаній».