Інстытут «Гроднаграмадзянпраект» распрацоўвае план добраўпарадкавання прытоку Нёмана. Некаторымі малюнкамі і ідэямі галоўны архітэктар праекта падзяліўся з grodnonews.by.
— Добраўпарадкаванне набярэжнай Гараднічанкі намечана ў межах ад вуліцы Віленскай да яе ўпадзення ў Нёман, — распавядае галоўны архітэктар праекта Аляксандр Сомаў. — Гэта месца, якое найбольш часта падтапляецца.
Мост праз Гараднічанку ля яе ўпадзення ў Нёман, побач з вуліцай Рабочай, будуць рэканструяваць у першую чаргу. Яго фактычна пабудуюць нанова. Рэканструкцыя закране і тры пешаходных мастка. Праект прадугледжвае поўнае абнаўленне адхонаў ракі, пашырэнне яе рэчышча і ўмацаванне берагоў.
Раён вуліцы Рабочай павінен ператварыцца ў месца для адпачынку: у плане прадугледжаны пешаходныя дарожкі, альтанкі і водныя каскады.
Чытайце таксама: Берег Городничанки благоустроят. Возможно, за счет тех, кто там живет
Згодна з апублікаваным эскізам, плануецца знесці дамы 17, 19, 23 і 25 па вуліцы Рабочай і дамы 2 і 6 па вуліцы Завяршчызна. На гэтым месцы плануецца стварыць зону адпачынку з востравам пасярод ракі, воднымі каскадамі і фантанамі, а таксама кафэ з адкрытай назіральнай пляцоўкай.
Цікава, што на эскізе бачная вуліца-дублёр Вялікай Траецкай, ад будаўніцтва якой улады адмовіліся.
Частка дамоў, якія стаяць у самой нізіне, часта затаплівала пасля ліўняў. Яны запланаваныя да зносу і ўжо адселеныя. Падчас аднаго з прыёмаў старшыня аблвыканкама Уладзімір Краўцоў растлумачыў жыхарам вуліцы Рабочай, гэта гістарычны цэнтр горада, тут бываюць турысты, і тэрыторыю трэба добраўпарадкаваць.
Дамы на Рабочай плануецца знесці з 1973 года. Жыхарам нельга рабіць капітальны рамонт, прыбудовы, а таксама рэгістраваць людзей.