Гродзенскі дзяржаўны гісторыка-археалагічны музей і Падляшскі музей пачынаюць працаваць над вялікім праектам – стварэннем двух Цэнтраў па даследаванні і рэстаўрацыі музейных прадметаў.
За бліжэйшыя два гады плануюць адаптаваць будынкі пад майстэрні і купіць спецыялізаванае абсталяванне і машыны для перавозкі адзінак матэрыяльнай спадчыны. Праект фінансуе Еўрасаюз па праграме трансгранічнага супрацоўніцтва “Польшча-Беларусь-Украіна” на перыяд 2014-2020. Агульны бюджэт праекта – больш за 1,3 млн еўра. Для музея ў Гродне выдзеляць паўмільёна еўра.
Што дасць праект?
Мэта праекта – захаванне і папулярызацыя мясцовай культурнай спадчыны. Два цэнтры будуць цесна супрацоўнічаць.
Будзе створана сумесная база дадзеных з вынікамі работ. База дадзеных будзе размешчана на сайтах абодвух музеяў і будзе даступная ўсім: жыхарам рэгіёну, турыстам, спецыялістам, студэнтам, універсітэтам.
У цэнтрах таксама змогуць праводзіць кансервацыю прадметаў для іншых устаноў, якія не маюць такіх майстэрняў. Акрамя таго, цэнтры будуць праводзіць даследаванні, навучаць і кансультаваць па пытаннях абароны матэрыяльнай спадчыны.
Дзе ў Гродне з’явіцца цэнтр?
Для стварэння Цэнтра даследавання і кансервацыі артэфактаў ў Гродне плануюць адаптаваць два будынкі на вул. Акадэмічнай, 16 і вул. Акадэмічнай, 16/1.
Тут будуць створаны майстэрні:
– па кансервацыі драўніны
– па кансервацыі металу
– лабараторыя па кансервацыі археалагічных артэфактаў
– майстэрні па працы са скурай
– майстэрні па кансервацыі паперы
– майстэрні па кансервацыі тканіны
– іканапісныя і рэстаўрацыйныя майстэрні
– фотастудыя і кампутарная лабараторыя
– камера фумігацыі
Што ўжо зроблена ў Гродне?
Цэнтр рэстаўрацыі ў Гродне запрацаваў у 2017 годзе, калі стала вядома, што сумесны праект беластоцкіх і гродзенскіх музейшчыкаў падтрымаў ЕС. Тут працуюць некалькі рэстаўратараў, у будучыні штат пашырыцца.
Навошта ў Гродне такі цэнтр?
У Гродзенскім гісторыка-археалагічным музеі захоўваецца каля 200 000 прадметаў – гэта адна з самых буйных калекцый у Беларусі. Але стан многіх прадметаў не дазваляе паказваць іх у экспазіцыі – яны патрабуюць рэстаўрацыі. Такіх рэчаў у музеі 16000 або каля 8% ад усяго.
У той жа час, у рэгіёне не хапае экспертаў, спецыяльнай тэхнікі і прыстасаванняў для рэстаўрацыі.



