Адзін з бронзавых лебедзяў з кампазіцыі Уладзіміра Панцялеева «Птушкі на вадзе» , што ўсталявана ў зліцці ручая Юрыздыка і Гараднічанкі блізу вуліцы Віленскай, чарговы раз перакуліўся. Гэта трэці выпадак за чатыры гады.

Апошні раз лебедзя падымалі ў 2017 годзе. Тады кампазіцыю “Птушкі на вадзе” (іншая назва “Вернасць”) аднавілі толькі праз паўгода пасля таго, як яна напалову сышла пад воду. У ЖКГ казалі, што нехта з гараджан напісаў заяву.

Тады аднаўлялі размяшчэнне скульптуры супрацоўнікі Рамбудаўтадара. Яны на лодцы падплывалі да кампазіцыі і замянялі анкерны болт. Гарантыю рабочыя не давалі: казалі, што ўсё будзе залежыць ад патокаў вады і ад смецця, якое туды трапляе. Адноўленная скульптура прастаяла больш за 2,5 гады.

Бронзавы лебедзь у Гараднічанцы зноў "нырнуў". Можа, пара змяніць месца?
Адноўленная кампазіцыя ў 2017 годзе

Аўтар кампазіцыі Уладзімір Панцялееў казаў у 2017-м, што рамонт толькi часова абароніць скульптуру. Ён лічыць, што лебедзяў трэба дэмантаваць цалкам і перанесці ў іншае месца. Майстар лiчыць добрым месцам тэрыторыю ў Швейцарскай даліне, побач з мосцiкам закаханых.

Кампазіцыя “Птушкі на вадзе” (“Вернасць”) бронзавая, важыць больш за 600 кг. Яна была ўсталяваная ў 2008 годзе на спецыяльна вырабленым пантоне.

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт info@hrodna.life

Задай пытанне, дашлі заўвагу або прапануй тэму

Рэпарцёр, фатограф, краязнаўца. Самы хуткі журналіст Гродна на ровары. Руслана і яго ровар ведаюць многія гараджане: ад чыноўнікаў да бамжоў. Падчас службы ў войску быў разведчыкам, а цяпер даказвае, што выведнік былым не бывае. Працуе ў Hrodna.life з 2013 года, калі сайт яшчэ працаваў пад брэндам “Твой стыль”. У канцы 2018 выдаў кнігу “Горад адзін, успаміны розныя”, дзе сабраў успаміны гродзенцаў пра 1930-40-я гады.