З красавіка ў цэнтры Гродна пачне працу рэстаран «Ганга». Там будуць гатаваць традыцыйныя стравы індыйскай кухні - кары, доса, супы і праснакі. Усё пад кіраўніцтвам кухараў з Індыі. У будучыні там павінна з’явіцца дастаўка ежы.

Рэстаран усходняй кухні адкрыецца на вуліцы Калючынскай, 12. Там яшчэ нядаўна працаваў бар «Малако».

— «Ганга» — гэта першы рэстаран індыйскай кухні ў Гродне. Такога яшчэ не было тут, — распавядае ўладальнік Вініш Буру. — Я жыву ў Беларусі 8 гадоў. Спачатку вучыўся ў медыцынскім універсітэце, а цяпер працую доктарам у бальніцы і паралельна запусціў свой бізнес — дзве крамы з індыйскімі спецыямі. У мяне ёсць сябар у Мінску, які некалькі гадоў таму адкрыў там індыйскі рэстаран. Я падумаў: чаму б у Гродне не адкрыць такое месца. Цікавасць да індыйскіх страў тут ёсць, гэта я бачу па сваіх пакупніках у краме. Вельмі многія пытаюцца: дзе пакаштаваць сапраўдныя індыйскія стравы.

Свой рэстаран Вініш назваў «Ганга», у гонар маці і індыйскай ракі Ганг. Установа разлічана на 30 чалавек. Інтэр'ер рэстарана будзе нагадваць тыповыя індыйскія рэстараны ў Еўропе. На выхадных у «Ганга» будуць праходзіць музычныя вечары.

— Сёння ў Гродне вучыцца больш за 1000 студэнтаў з Індыі і Шры-Ланкі, якія гатовыя да нас прыходзіць. Але мая мэта адкрыць рэстаран не толькі для іх, але і для беларусаў. Хачу іх пазнаёміць з сапраўднай індыйскай кухняй. У нас будзе вялікі выбар страў, каля 45. Будуць і традыцыйныя індыйскія імбірныя віны, — дадаў Вініш.

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт info@hrodna.life