Старшыня гродзенскага гарвыканкама Мечыслаў Гой 11 сакавіка ў час прыёму жыхароў горада распавёў, як у парку Жылібера з’явіўся скандальны раяль і чаму яго прыбралі.

Мечыславу Гою задалі пытанне: хто дае дазвол на ўстаноўку малых архітэктурных формаў у гістарычным цэнтры Гродна і хто вылучае на гэта сродкі.

«У гродзенцаў пра раяль розныя меркаванні, — распавядае Мечыслаў Гой. — Калі яго прыбралі, нам паступіла шмат зваротаў - чаму мы гэта зрабілі. Прыйшлося апраўдвацца, што ён быў устаноўлены да Дня закаханых. Гэта невялікая фотазона, чаму б і не? Што тычыцца фінансавага складніка, дык гэта падарунак ад смеццесартавальнага завода. Там дырэктар [Вячаслаў Андрэеўскі - рэд.] - ідэйны чалавек».


Чытайце таксама: «Дызайн на ўзроўні смеццеправода, а лаўку сцягнулі з могілак». Як гродзенцы пракаментавалі раяль у парку Жылібера


Раяль на смеццесартавальны завод перадалі жыхары горада. Дырэктару прадпрыемства ён так спадабаўся, што ён вырашыў усталяваць яго ў цэнтры горада.

«Раяль мадэрнізавалі, абшылі штучнай травой, дадалі музыку і ўсталявалі ў парку Жылібера. Некаторы час ён цешыў ці не цешыў вока — каму як. Але магу сказаць, што фінансавы складнік для бюджэту горада — нулявы. Калі захацела частка нашых гараджан, каб гэты раяль прыбралі з парку, мы гэта зрабілі. Але трэба разумець, што гэта быў падарунак да свята».

Зараз раяль знаходзіцца на адным з прадпрыемстваў САГ. На прадпрыемстве вырашаць, што з ім будзе ў будучыні. Магчыма, інструмент усталююць каля адной са школ горада.

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт info@hrodna.life

Рэпарцёр, фатограф, краязнаўца. Самы хуткі журналіст Гродна на ровары. Руслана і яго ровар ведаюць многія гараджане: ад чыноўнікаў да бамжоў. Падчас службы ў войску быў разведчыкам, а цяпер даказвае, што выведнік былым не бывае. Працуе ў Hrodna.life з 2013 года, калі сайт яшчэ працаваў пад брэндам «Твой стыль». У канцы 2018 выдаў кнігу «Горад адзін, успаміны розныя», дзе сабраў успаміны гродзенцаў пра 1930−40-я гады.