62-летняя жанчына прыбыла з Італіі ў Гродна ноччу з панядзелка на аўторак. Яна сама звярнулася па медыцынскую дапамогу з улікам неспрыяльнай сітуацыі ў Італіі. У аўторак днём была дастаўлена брыгадай «хуткай» і шпіталізавана ў абласную інфекцыйную бальніцу, паведаміла grodnonews.by начальнік галоўнага ўпраўлення аховы здароўя аблвыканкама Алена Краткова.

Ніякіх праяў рэспіраторнай інфекцыі не назіралася. Аднак сёння атрымана лабараторнае пацверджанне наяўнасці ў яе каранавіруса. Пацыентка ізаляваная і знаходзіцца пад пільным наглядам медыцынскіх работнікаў. Праводзяцца мерапрыемствы па выяўленні кантактаў.

Як паведамляе прэс-служба Міністэрства аховы здароўя, «праводзяцца дадатковыя даследаванні ў пацыенткі абласной інфекцыйнай бальніцы ў Гродне. У сувязі з тым, што пры адсутнасці клінічных дадзеных у яе атрыманы станоўчы лабараторны вынік на COVID19. Грамадзянка Беларусі здала тэст яшчэ на мяжы, так што ўсе яе кантакты першага ўзроўню выяўлены».