Хлопцу, які ў Лідзе да смерці «прабіў фанеру» маладому цяжкаатлету, змянілі артыкул

Экспэртыза паказала, што выхаванец лідзкай вучэльні алімпійскага рэзэрву Андрэй Дараховіч памёр ад удару свайго калегі Руслана С., які некалькі разоў ударыў яго кулаком у грудзі, або «прабіў яму фанэру», піша svaboda.org.

Як расказала маці загінулага хлопца Іна Дараховіч, паводле экспэртызы, ейны сын памёр менавіта ад удару іншага спартоўца Руслана С., а ня зь нейкай іншай прычыны, як дапускалі раней.

«Калі б было два ўдары, яго [Андрэя] яшчэ далося б выратаваць. А ад трэцяга ў яго, проста кажучы, „лопнула сэрца“, гэта быў сьмяротны ўдар», — распавядае Іна Дараховіч.

Сястра і маці загінулага Андрэя
Сястра і маці загінулага Андрэя

У сувязі з гэтым у дачыненьні да 18-гадовага хлопца, які біў, зьмянілі крымінальны артыкул. Цяпер яго падазраюць у наўмысным прычыненьні цяжкога цялеснага пашкоджаньня, якое пацягнула па неасьцярожнасьці сьмерць чалавека (ч. 3 арт. 147 Крымінальнага кодэксу Беларусі). Санкцыі артыкула прадугледжваюць да 15 гадоў пазбаўленьня волі.

Першапачаткова сьледчы камітэт завёў крымінальную справу па ч. 1 арт. 144 («прычыненьне сьмерці па неасьцярожнасьці»). Пакараньне па тым артыкуле прадугледжвала да 3 гадоў калёніі.

Па інфармацыі Іны Дараховіч, падазраванага хлопца (на 10 чэрвеня) ня бралі пад варту. Аднак яму забаранілі выяжджаць за межы Ліды, дзе ён прапісаны. Раней ён знаходзіўся пад падпіскай аб нявыезьдзе з краіны.

Мэдалі памерлага хлопца
Мэдалі памерлага хлопца

Як паведамляла раней прэс-служба Міністэрства спорту і турызму Беларусі, у Лідзе, у філіяле Горадзенскай дзяржаўнай вучэльні алімпійскага рэзэрву, 1 красавіка памёр навучэнец 10-й клясы аддзяленьня цяжкай атлетыкі Андрэй Дараховіч. Хлопцу стала кепска пасьля плянавай трэніроўкі. Выклікалі «хуткую», аднак выратаваць яго не ўдалося. Па факце сьмерці праводзіцца сьледзтва.

Падлеткі, якія былі на трэніроўцы, расказалі бацькам памерлага хлопца, што ў распранальні старэйшы хлопец Руслан С. моцна ўдарыў Андрэя ў грудзі (па ягоных словах, «прабіў фанэру»). Андрэй адразу страціў прытомнасьць, упаў, ротам пайшла кроў. Бацькі загінулага лічаць гэта праявай дзедаўшчыны ў спорце.

Кіраўніцтва спартовай вучэльні ў Лідзе спачатку казала бацькам падлетка, што яму стала кепска на аўтобусным прыпынку.

У сьнежні 2018 году быў звольнены кіраўнік Горадзенскай дзяржаўнай вучэльні алімпійскага рэзэрву. Паводле Генпракуратуры, у вучэльні выявілі парушэньні заканадаўства, якія ўшчамляюць правы і законныя інтарэсы навучэнцаў.

Калі вы знайшлі ў тэксце памылку або абдрукоўку, калі ласка, паведаміце нам, выбраўшы адпаведны фрагмент і націснуўшы клавішы Ctrl+Enter.

Каментары

Spelling error report

The following text will be sent to our editors: