Да 1 верасня ў абласным Палацы творчасці дзяцей і моладзі адкрыюцца басейн і спартзала. Абноўлены басейн са спартовым комплексам стане адным з лепшых у Гродна. Асноўная яго чаша будзе памерам 25 на 12 метраў з чатырма плавальнымі дарожкамі. Тут змогуць займацца плаваннем 800 наведвальнікаў. Ёсць яшчэ малая чаша для зусім юных плыўцоў, паведамляе grodnonews.by.
У Палацы займаюцца каля трох тысяч дзяцей, працуюць каля 300 гурткоў. У асноўны час дзеці тут будуць займацца бясплатна, у вячэрні плануюць адкрыць для жадаючых такія платныя паслугі, як аквааэробіка, калектыўнае плаванне бацькоў з дзецьмі з магчымасцю навучання малых трымацца на вадзе. Цяпер дзеці, якія займаюцца плаваннем, наведваюць басейны гарадской гімназіі, гімназій № 1 і № 9, сярэдніх школ № 34 і № 39.
На капітальны рамонт басейн быў зачынены ў снежні 2018 года. Праект рэканструкцыі прадугледжваў таксама мадэрнізацыю спартзалы. Падрадчыкам работ вызначана ААТ «Гроднапрамбуд». На заканчэнне работ у гэтым годзе абласной інвестыцыйнай праграмай прадугледжана фінансаванне ў памеры 2,1 мільёна рублёў.
На сённяшні дзень чаша басейна ачышчана ад старых матэрыялаў, да яе, згодна з праектам рэканструкцыі, падводзяцца пластмасавыя трубы. Усё гатова для пачатку аздобных прац. Затым зоймуцца добраўпарадкаваннем прылеглай тэрыторыі. На гэта з іншых крыніц фінансавання разлічваюць атрымаць каля 400 тысяч рублёў. Акрамя добраўпарадкавання, рамонту прыступак, плануюць пабудаваць спецыяльную пляцоўку для скейтараў.