У Гродна прыедуць нашчадкі шляхты і дваранства Беларусі. Іх запрасілі на баль, які пройдзе на XIII Рэспубліканскім фестывалі нацыянальных культур 5−6 чэрвеня, піша rgazeta.by.
У беларускае грамадскае аб’яднанне «Сход нашчадкаў шляхты і дваранства» уваходзіць каля паўтысячы чалавек. Як патлумачыў старшыня арганізацыі Ігар Чакалаў, на фестываль збіраецца каля 40 прадстаўнікоў. Гэта людзі блакітнай крыві, якія ўмеюць танцаваць і маюць стылізаваныя касцюмы. Адзін з удзельнікаў, Аляксандр Мурашка, выканае песні.
Каб быць удзельнікам суполкі, не абавязкова прадстаўляць высакародны радавод. Галоўнае — выконваць Кодэкс двараніна, які пачынаецца з паважлівага звароту да суразмоўцы. Удзельнікі аб’яднання маюць розныя прафесіі: ад простых працоўных да чыноўнікаў і сілавікоў. Старшыня таварыства, да прыкладу, — дырэктар рэспубліканскага выдавецтва «Энцыклапедыкс».
Дарэчы, на фестывалі будуць прадстаўленыя 35 нацыянальнасцяў. Пройдзе ён у звыклым фармаце: дыяспары размесцяць свае падворкі ў цэнтры горада.