«Хоць Лукашэнку нельга назваць прывабным для Захаду партнёрам, яго спробы захаваць сваю краіну заслугоўваюць падтрымкі», — піша The Washington Post у сваім рэдакцыйным каментары, піша n*.by.
Уплывовае амерыканскае выданне заклікала ЗША і Еўрасаюз дапамагчы Беларусі ў выпадку магчымага разрыву з Расеяй.
Пуцін цягам дваццаці гадоў марна спрабаваў усталяваць кантроль над постсавецкімі краінамі пры дапамозе ціску, фальсіфікацый, прапаганды, кібервойнаў і інтэрвенцый, як у выпадках Украіны і Грузіі. Пуцін спрабуе змусіць Лукашэнку выканаць саюзнае пагадненне дваццацігадовай даўніны, якое «ператварыла б Беларусь у правінцыю». Між тым Лукашэнка, піша выданне, не хоча стаць «апошнім прэзідэнтам Беларусі».
Газета піша, што выбары ў Беларусі фальсіфікуюцца, а пратэсты брутальна душацца, але, мяркуюць аўтары, цяперашні ціск Пуціна можа змяніць палітыку Лукашэнкі.
«Расійскі лідар спыніў пастаўкі субсідыяванай нафты, вельмі важнай для беларускай эканомікі, і запатрабаваў выканаць замарожаную саюзную дамову, — піша выданне. — Падчас сустрэчы ў пятніцу спадар Пуцін чарговы раз адмовіў Лукашэнку ў зніжках на нафту і газ. Калі гэтая пазіцыя не зменіцца, беларуская эканоміка можа сур’ёзна пацярпець: пятую частку яе экспарту складаюць перапрацаваныя прадукты таннай расейскай нафты».
«Спадар Лукашэнка зрабіў выгляд, нібыта ён супрацьстаіць расійскаму ціску, купіўшы танкер нафты з Нарвегіі. А дзяржаўны сакратар Майк Пампэа зрабіў выгляд, нібыта дапамагае яму, наведаўшы Менск 1 лютага. Пампэа абяцаў, што адміністрацыя Трампа прызначыць новага пасла ў Беларусі, і запэўніў Лукашэнку: «Нашы вытворцы энергіі гатовыя паставіць 100% нафты, якая вам патрэбная, па канкурэнтных цэнах».
The Washington Post засцерагае, што пастаўкі нафты з ЗША не кампенсуюць Беларусі страту расійскіх датацый.
«Наадварот, спадару Лукашэнку трэба будзе выбіраць: або здацца Пуціну, або прынамсі зрабіць крокі ў кірунку шокавай тэрапіі для эканомікі, што дазволіць вызваліць яе з-пад расейскай залежнасці. І ў выпадку, калі ён выбера апошні сцэнар, Злучаныя Штаты і Еўрасаюз павінны зрабіць усё магчымае, каб аблегчыць боль, пры гэтым не спыняючы патрабаваць паляпшэння сітуацыі з правамі чалавека».