На сайце petitions.by з’явілася петыцыя, якая заклікае выбіраць мэраў, а не прызначаць. Яе плануюць накіраваць у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь праз 27 дзён.

«Мэраў выбіраюць, па нашых дадзеных, ва ўсіх еўрапейскіх краінах, акрамя Беларусі. У нас у адпаведнасці са ст. 119 Канстытуцыі кіраўнікі мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў прызначаюцца на пасаду і вызваляюцца ад пасады Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь або ва ўстаноўленым iм парадку i зацвярджаюцца на пасадзе адпаведнымі мясцовымі Саветамі дэпутатаў.

Выбары, а не прызначэнне старшыняў выканкамаў маглі б змяніць існуючы парадак і прымусілі б уладаў прыслухацца да меркавання грамадзян і ўлічваць яго пры прыняцці рашэнняў, а не выконваць указанні звыш. У сувязі з гэтым патрабуем зрабіць пасады кіраўнікоў мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў выбарнымі", — сказана ў тэксце петыцыі.

На раніцу 12 лютага пад ёй падпісаліся 196 чалавек. Падтрымаць петыцыю можна тут.