Два аўтамабілі ў Шчучынскім раёне здзьмула ветрам у кювет. Гэта адбылося сёння з розніцай практычна ў 2 гадзіны на 210-м і 222-м кіламетрах аўтадарогі М6 Мінск – Гродна.

У абодвух выпадках, як паведамілі ў ДАІ, дадатковым, калі не асноўным фактарам быў моцны бакавы вецер. Кіроўцы, праехаўшы больш спакойную зону, дзе па баках знаходзіўся лес, пры выездзе на адкрытую прастору гублялі кіраванне і з’язджалі ў кювет.

На шчасце, у аварыях ніхто сур’ёзных траўмаў не атрымаў.

Паводле паведамленняў сіноптыкаў, хуткасць ветру можа ўзмацніцца і дасягаць 15-22 метраў у секунду. ДАІ просіць улічваць гэтую інфармацыю пры руху і ня паркавацца паблізу дрэў, старых будынкаў або лёгкіх канструкцый.

Задай пытанне, дашлі заўвагу або прапануй тэму