Пра смерць кітайскага доктара Лі Вэньляня, які першым папярэдзіў пра эпідэмію каронавіруса і сам заразіўся гэтай хваробай, паведаміла кітайскае дзяржаўнае выданне Global Times. Пазней тое ж выданне інфармацыю абвергла.

Паведамлялася, што Лі Вэньлян памёр 6 лютага ў правінцыі Ухань ва ўзросце 34 гадоў. Але насамрэч ён знаходзіўся ў крытычным стане. У яго спынялася сэрца.

Праз некаторы час шпіталь ва Ухане паведаміў, што лекар усё-ткі памёр. Смерць наступіла 7 лютага ў 02:58 па мясцовым часе (21:58 6 лютага па мінскім часе).


Паводле дадзеных «Бі-бі-сі», якія цытуе «Медуза», пасля таго як смерць Лі пачалі абмяркоўваць у сацсетках, кітайскія чыноўнікі запатрабавалі падключыць яго да апарата штучнага жыццезабеспячэння, а фармулёўку ў паведамленнях змяніць з «памёр» на «знаходзіцца ў крытычным стане».


Незадоўга да ўспышкі вірусу Лі Вэньлян папярэдзіў пра 2019-nCoV іншых медыкаў: у яго шпіталь даставілі 7 хворых з сімптомамі падобнымі да атыповай пнеўманіі. Пра гэта ён напісаў у групе выпускнікоў медінстытута ў кітайскім мэсенджары WeChat. На наступны дзень да яго прыйшлі паліцыянты і запатрабавалі спыніць распаўсюджваць чуткі. У канцы студзеня доктар расказаў пра гэты выпадак у кітайскай сацсетцы Weibo, калі ляжаў у шпіталі з вірусам.

Паводле СААЗ, на 6 лютага, новым тыпам каронавірусу заразіліся 24,5 тысячы чалавек. За межамі Кітая зафіксавалі 191 выпадак. Загінулі больш за 560 чалавек.