Жыхароў вуліцы Рабочая на правым беразе Нёмана не задавальняе рашэнне гарвыканкама аб выманні зямельных участкаў і зносе жылых дамоў, піша zviazda.by. Яны прыйшлі на прыём да Уладзіміра Краўцова, старшыні аблвыканкама, і расказалі, што іх дамы знаходзяцца ў добрым стане, падведзены ўсе камунікацыі, і яны супраць зносу.

Некалькі гадоў таму значная тэрыторыя вуліцы прыведзена ў парадак мясцовым прадпрыемствам «Зелянбуд», высаджаны дрэвы. Летась адбылася замена электраабсталявання.

Вуліца, якая складаецца з некалькіх дамоў, знаходзіцца ў даліне ракі Гараднічанкі. Пры ліўнях адбываецца падтапленне дамоў і ўчасткаў. Нядаўна такім чынам жыхары пазбавіліся бетоннага мосціка для пераходу ў цэнтр горада. Жыхары звярталіся да гарадскіх уладаў з просьбай узнавіць мост.

Чытаць таксама: Жыхароў дамоў на беразе Гараднічанкі, «адрэзаных ад свету» пасля разбурэння моста, пераселяць

Згодна з генеральным планам горада, прыбярэжная тэрыторыя, якая знаходзіцца ў гістарычнай частцы горада, будзе не проста добраўпарадкоўвацца, а кардынальна мяняцца. Рэчку Гараднічанку наогул часткова «выпрамяць», каб не ствараць заторы. Адпаведная дакументацыя заказана ў праектным інстытуце.

— Праблемай мы займаемся, гэта гістарычны цэнтр горада, сюды ў першую чаргу наведваюцца турысты, і тэрыторыю трэба добраўпарадкаваць, — патлумачыў Уладзімір Краўцоў. — Частка жыхароў, дамы якіх стаялі ў самай нізіне, адселена. Але гэта не азначае, што заўтра прыйдзе бульдозер і пачне зносіць усё запар. Гэта доўгатэрміновы працэс. Мы пастараемся ўлічваць пажаданні тых, хто там пражывае. Але ўлады павінны думаць і аб небяспецы гараджан. А пражыванне на схілах каля рачулкі і ў межах Нёмана звязана з рызыкай разгула стыхіі.

«Пастараюцца не зносіць», але трэба аплаціць умацаванне берагоў

Пры распрацоўцы праекта дамы, якія стаяць на больш высокіх пляцоўках узбярэжжа, пастараюцца не зносіць. Самі жыхары гатовы ўключыцца ў працэс добраўпарадкавання тэрыторыі і фінансаваць тыя меры перасцярогі, якія будуць патрэбны для ўмацавання схілаў. Таксама жыхары не маюць права нікога рэгістраваць у сваіх дамах. Перад зацверджаннем праекта пройдуць грамадскія абмеркаванні.