У Гродне з’явіліся афішы канцэрта Віктара Шалкевіча, які адбудзецца 15 лютага ў мінскім Палацы прафсаюзаў. На іх напісана «Гарадзенец прызямліўся ў Мінску». Што гэта значыць, патлумачыў арганізатар мінскага канцэрта артыста і менеджар культуры Віталь Супрановіч.

«Штогод у лютым мы ладзім канцэрт гродзенца Віктара Шалкевіча ў Мінску. Нагоды для канцэрта — гэта дзень народзінаў Віктара і дзень закаханых. Да нас звычайна прыязджае шмат гродзенцаў, бо з канцэртамі Віктара ў родным горадзе слабавата», — расказаў ён.

Чытайце таксама: Віктар Шалкевіч пра Дзень Перамогі: Свята хутчэй гучала мінорна

У 2019 годзе ў артыста быў юбілей — 60 гадоў.

«Мы шукалі памяшканне для канцэрта. Але нешта не знайшлося пакуль. У год малой Радзімы выканаўца не можа выступіць у родным горадзе!».

«Нам не забаранялі выступ — нам не давалі пляцоўкі»

Як патлумачыў Віталь Супрановіч, у 2019 годзе цягам некалькіх месяцаў пра выступ вяліся спачатку вусныя, пасля і пісьмовыя перамовы з буйнымі гродзенскімі канцэртнымі пляцоўкамі: Тэатрам лялек, Драматычным тэатрам, філармоніяй ды іншымі, звярталіся і да ўстаноў адукацыі. Дамовіцца так і не ўдалося: з розных прычын пляцоўкі адмаўляліся ад правядзення канцэрта, нават пры папярэдняй згодзе. Віталя прасілі нават паказаць даверанасць аб паўнамоцтвах па прадстаўленні інтарэсаў артыста. «Гэта нонсэнс, так не робяць», — абураецца Віталь Супрановіч. Афішы мінскага канцэрта размясцілі ў горадзе, і арганізатар спадзяецца, што гэта стане прыступкай да арганізацыі выступу Шалкевіча ў Гродне.

Вялікі юбілейны канцэрт Віктара Шалкевіча ў 2019 годзе ў Мінску адбыўся ў Палацы прафсаюзаў. У Гродне апошні раз на буйной пляцоўцы Шалкевіч выступаў у 2016 годзе.

«Спадзяемся, у сакавіку, дзякуючы мясцовым гродзенцам, месца знойдзецца і канцэрт будзе. Калі не знойдзецца, то будзем падымаць пытанне праз Міністэрства культуры, памочніка Прэзідэнта па Гродзенскай вобласці. Але мне падаецца, усё будзе добра, і Віктар пачне стабільна выступаць у сваім родным горадзе. Тым больш гродзенцы вельмі чакаюць яго, — кажа мінскі арганізатар. — А пакуль мы запрашаем прыехаць у Мінск 15 лютага, тым больш гэта субота. Наведаць канцэрт гарадзенца, які прызямліцца ў Менску, пагуляць па сталіцы нашай Радзімы. Не усё ж па Беластокам і Варшавам ездзіць, урэшце».

Чытайце таксама «Такая доўгая зіма». Слухайце першы за 15 гадоў новы студыйны альбом Віктара Шалкевіча

Hrodna.life reprint of materials is possible only with the written permission of the publisher. Contact [email protected]