Следчы камітэт завяршыў расследаванне па гэтай справе. Высветлілі, што ў перыяд з 12 па 18 кастрычніка 2019 года 25-гадовы жыхар Зельвенскага раёна сістэматычна збіваў сваіх малалетніх дачок рукамі і нагамі, а таксама ўсім, што траплялася пад рукі (венікам, мухабойкай, дзягой, тапкам).
Па дадзеных следства, увечары 18 кастрычніка 2019 года п’яны бацька за непаслушэнства старэйшай дачкі нанёс ёй множныя ўдары рукамі, нагамі, тронкам веніка па жыццёва важным органам, двойчы кінуў аб тахту. Цялесныя пашкоджанні сталі прычынай смерці. Згодна з высновамі экспертаў, абвінавачаны ў той момант не пакутаваў на псіхічныя разлады і мог усведамляць, што ён робіць, і кантраляваць сябе.
Мужчыну прад’явілі абвінавачванне па ч. 2 арт. 154 (катаванне) і пп. 2, 6 ч. 2 арт. 139 (забойства заведама малалетняга, які знаходзіцца ў бездапаможным стане, здзейсненае з асаблівай жорсткасцю) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Максімальнае пакараньне паводле апошняга артыкула — смяротны прысуд. Сваю віну мужчына не прызнаў. Крымінальную справу перадалі пракурору для накіравання ў суд.