У Расіі выявілі два першыя выпадкі хворых на інфекцыю, выкліканую новым тыпам каранавіруса.

Як расказала віцэ-прэм'ер РФ, кіраўнік аператыўнага штаба Таццяна Голікава, іх выявілі ў Забайкаллі і Цюменскай вобласці. Паводле яе слоў, захварэлыя — грамадзяне Кітая, піша interfax.ru.

«Адзін з іх знаходзіўся на тэрыторыі КНР амаль месяц, выехаўшы туды 28 снежня і вярнуўшыся 26 студзеня, другі грамадзянін прыкладна ў такім жа перыядзе — вярнуўся 28 студзеня», — паведаміла bbc.com кіраўніца Расспажыўнагляду Ганна Папова.

Віцэ-прэм'ер дадала, што Расія праз каранавірус абмяжоўвае перасячэнне мангольскай мяжы з РФ і пачынае эвакуацыю расійскіх грамадзян з кітайскага горада Ухань і правінцыі Хубэй, калі тыя выкажуць такое жаданне. Паводле яе слоў, у Ухані знаходзяцца 300 грамадзян РФ, у Хубэй — 341. Усе грамадзяне РФ, якія знаходзяцца на востраве Хайнань, будуць вернутыя на радзіму да 4 лютага.

З 30 студзеня Сусветная арганізацыя аховы здароўя (СААЗ) абвясціла міжнародную надзвычайную сітуацыю ў сувязі з успышкай каранавіруса.