Бясплатныя курсы беларускай мовы «Мова Нанова» абвясцілі конкурс да Дня роднай мовы. Для ўдзелу трэба даслаць гісторыю пра сябе.

«Арганізоўваеш стэнд-ап па-беларуску? Перакладаеш абвесткі для грамадскага транспарту? Дзякуючы табе ёсць шыльда слыннаму беларусу ў тваім горадзе? Адстойваеш беларускамоўны клас для дзяцей? Прымаеш пацыентаў у паліклініцы па-беларуску? — Спіс бясконцы, як і вашы магчымасці!», — перакананыя арганізатары.

— Мы заахвочваем расказаць пра свой паспяховы ўнёсак у прасоўванне беларускай мовы, культуры. Гэта можа быць што заўгодна. Калі вы размаўляеце па-беларуску, альбо калі вы штосьці арганізоўваеце, калі вы заахвочваеце сяброў і знаёмых размаўляць па-беларуску, то мы запрашаем да ўдзелу. Трэба апісаць гэтую гісторыю, даслаць на нашую старонку ў сацсетках, і потым будзем абіраць пераможцаў галасаваннем. А пераможцы атрымаюць стол ад майстроў «Arttables» і дзень у аграсядзібе Евы Гілевіч, — патлумачыла вядоўца курсаў «Мова Нанова Гародня» Эмілія Гаўрус.

Да ўдзелу ў курсах запрашаюць ўсіх ахвотныя, а адправіць тэкст ці відэаролік з гісторыяй можна да 15 лютага 2020 года. Удзельнік з найлепшай гісторыяй з кожнага горада атрымае адмысловы прыз ад мясцовай каманды выкладчыкаў. Прыз за 1 месца па Беларусі - хэнд-мэйд стол з дрэва і дзень на аграсядзібе «Пяскі» гаспадыні Евы Гілевіч.