У рэдакцыю gomel.today у Гомелі прыйшоў ліст пра здарэнне ў гімназіі № 71 горада: “Настаўніца пачатковых класаў (класная кіраўніца аднаго з трэціх класаў) збіла дзіця, яно трапіла ў бальніцу, накладалі швы. Бацькі напісалі заяву, у гімназіі быў Следчы камітэт”.

Як пішуць у лісце, настаўніца і раней біла дзяцей. “Мінулы яе выпуск знакаміты тым, што бацькі пісалі ананімку дырэктару пра яе педагагічныя подзвігі. З бацькамі праводзілі сход, але па выніку настаўніцы так нічога і не было”. У лісце таксама паведамляецца, што гэтая настаўніца ў мінулым быццам бы ўдарыла аднаго з хлопчыкаў насценным гадзіннікам.

Рэдакцыі выдання вядомыя імя і прозвішча настаўніцы, аднак там палічылі немэтазгодным публікаваць іх да з’яўлення афіцыйных вынікаў праверкі. Для пацвярджэння атрыманай інфармацыі карэспандэнт звязаўся з адміністрацыяй гімназіі №71. Дырэктар навучальнай установы Ірына Цімашышына, якая працуе на гэтай пасадзе нядаўна, цяжка ўздыхнула у слухаўку:

— Настаўнік пачатковых класаў перавысіла службовыя абавязкі. У цяперашні час Следчы камітэт праводзіць разбіральніцтва.

Паведамляць падрабязнасці здарэння дырэктар адмовілася. Сказала толькі, што гэтая настаўніца з вялікім педагагічным стажам раней спагнанняў не мела і скаргаў ад бацькоў на яе не паступала. Цяпер дадзеная настаўніца знаходзіцца на бальнічным. На сайце гімназіі №71 размешчана інфармацыя аб тым, што па выніках 2016—2017 навучальнага года гэтая настаўніца прызнана ў гімназіі «Настаўнікам года», паколькі яе вучні атрымалі пяць дыпломаў на прадметных алімпіядах і конкурсах.

Атрымаць каментары ў каго-небудзь з бацькоў вучняў таксама не атрымалася: шмат хто «не пад запіс» казаў, што не жадае потым падвяргацца «ганенню», як бацькі і сам вучань 4-а класа СШ №15 у ходзе і пасля скандалу, фігурантам якога стала знакамітая зараз «настаўніца з партай».

Адзін з вучняў той самай трэцяй клясы расказаў, што здарэнне адбылося на ўроку матэматыкі.

«К. спачатку выклікалі да дошкі. Яна не рашыла прыклады. Потым мы самі рашалі, за партамі. І яна за палову ўрока нічога не напісала. А потым… У яе ўтварыўся шрам на вуху. Ну, настаўніца яе так пацягнула. Яна зачапілася вухам за парту», — расказаў школьнік для “Радыё Свабода”.

– Збіцця не было, але настаўніца падчас урока схапіла вучаніцу за вуха. Вядома, гэта няправільны ўчынак, – пракаментаваў для tut.by начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Гомельскай вобласці Руслан Смірноў. – Быў бацькоўскі сход, настаўніца папрасіла прабачэння за свае паводзіны. Але прэтэнзіі з боку бацькоў дзіцяці ёсць. Настаўніца цяпер на бальнічным, праводзіцца праверка. Педагог вельмі перажывае, яна нават трапіла ў бальніцу пасля інцыдэнту.