Гісторыя пра самалёт Мінск—Мюнхен, які пасадзілі ў Гродне, мае працяг. Паводле непацверджаных дадзеных, з самалёта знялі яшчэ аднаго кіраўніка цукровага завода Беларусі. Кіраўнікоў астатніх цукровых прадпрыемстваў няма на месцы. Пры гэтым афіцыйнай інфармацыі няма ні ад аднаго з ведамстваў: маўчаць СК, КДБ, памежны камітэт, «Белавія».
Нагадаем, супрацоўнікі Гарадзейскага цукровага камбіната пацвердзілі t*t.by, што з рэйса знялі іх дырэктара Міхаіла Крыштаповіча.Пасажыры самалёта казалі, што ў салоне нібыта агучвалася прозвішча «Руднік», піша n*.by. Аднак, як выявілася, гаворка ішла пра Прудніка.
Мікалай Пруднік — дырэктар Слуцкага цукрарафінаднага камбіната. Крыніцы SlutskGorod паведамілі пра яго затрыманне.
Відавочцы распавялі журналістам, што ў доме дырэктара завода ў суботу прайшоў ператрус. Мабільны тэлефон Прудніка сёння недаступны, на прадпрыемстве адказваюць: аб затрыманні кіраўніка нічога не вядома.
Падобная сітуацыя і з яшчэ адным цукровым заводам, у Жабінцы. Партал virtualbrest.by паведаміў пра затрыманне яго дырэктара Віктара Міронава.
Блогер Нехта сцвярджае, што затрыманы і дырэктар чацвёртага, Скідзельскага камбіната. У прыёмнай прадпрыемства карэспандэнту «Нашай Н**ы» паведамілі, што Дзмітрыя Ягорава на працы няма.