Тое, што дырэктар Гарадзейскага цукровага камбіната Міхаіл Крыштаповіч затрыманы, жыхары пасёлка Гарадзея абмяркоўваюць каля крамы: «Талковы мужык, падняў завод, пры ім людзі сталі жыць». Па словах мясцовых, у суботу на камбінаце быў ператрус, кабінет кіраўніка нібыта апячатаны. Крыніца TUT.BY кажа, што менавіта дырэктара камбіната здымалі з таго самага самалёта, які развярнулі над Польшчай і вярнулі ў Беларусь. Але афіцыйнай інфармацыі пра затрыманне Крыштаповіча няма.

На камбінаце ў Гарадзеі абмяркоўваюць: з самалёта, які развярнулі над Польшчай, знялі іх дырэктара
Міхаіл Крыштаповіч. Фотаздымак: ctv.by

— Сёння выхадны дзень, камбінат стаіць. Прыходзьце ў панядзелак, — кажуць на цэнтральнай прахадной Гарадзейскага камбіната. Усе пытанні аб магчымым затрыманні кіраўніка Міхаіла Крыштаповіча тут абрываюць: «Мы гэтага не ведаем, ён у адпачынку».

Гарадзея — гарадскі пасёлак у Нясвіжскім раёне, тут жыве крыху больш за 4 тысячы чалавек, і многія мясцовыя жыхары працуюць на цукровым заводзе. Хоць навіны ў Гарадзеі разлятаюцца хутка, некаторыя ледзь не адразу ўцякаюць, пачуўшы пытанне пра Міхаіла Васільевіча.

— Абы праца была і плацілі, не ў курсе ўсяго, мне гэта не трэба, — кажа жанчына, якую мы сустракаем недалёка ад завода.

Паводле інфармацыі крыніцы TUT.BY, якая знаёмая з роднымі дырэктара, Міхаіл Крыштаповіч знаходзіўся на борце таго самага самалёта Мінск-Мюнхен, які развярнулі над Уроцлавам і пасадзілі ў Гродне. Менавіта ён і быў зняты з рэйса. Пра гэта кажуць і крыніцы pressball.by. Гэта ж пацвярджае адзін з супрацоўнікаў цукровага камбіната.


Чытайце таксама: «Не хацеў падымаць паніку». Што вядома пра інцыдэнт на самалёце, з якога знялі пасажыраў


На камбінаце ў Гарадзеі абмяркоўваюць: з самалёта, які развярнулі над Польшчай, знялі іх дырэктара

— Учора даведаліся, што Крыштаповіча знялі з самалёта. Учора ж прыязджалі завод трэслі, ператрус быў, яго кабінет нібыта апячаталі, — пакуль мужчына распавядае, каля яго спыняюцца жанчыны і далучаюцца да размовы:

— Людзям абы паляпаць! Дай толькі пагаварыць. Крыштаповіч падняў завод. Можа, ён і жыў (маецца на ўвазе добра — Заўвага TUT.BY), так і людзі пры ім жылі. Гэта талковы кіраўнік, добры мужык. Ніхто не ведае, што там нарабiлася.

63-гадовы Міхаіл Крыштаповіч узначальвае цукровы камбінат больш за 20 гадоў, усе нашы суразмоўцы гавораць пра яго як пра талковага дырэктара.

На камбінаце ў Гарадзеі абмяркоўваюць: з самалёта, які развярнулі над Польшчай, знялі іх дырэктара

— Мы ў спісе лідараў па прадпрыемствах ў СНД па рэалізацыі прадуктаў, пры ім пачалася рэканструкцыя завода, — адзначаюць жыхары Гарадзеі. — Яшчэ завод моцна падтрымлівае мясцовы футбольны клуб.

— У чацвер Крыштаповіч быў на працы, я яго бачыў, а ў пятніцу паляцеў у адпачынак, — кажа мужчына, які працуе на цукровым заводзе.

Міхаіл Васільевіч разам з жонкай жывуць у двухпавярховым доме ў Нясвіжы на ціхай вуліцы ля возера. Праз дарогу ад яго — дом пляменніка. Калі мы пад’ехалі, каля катэджа стаяла засмучаная жанчына і нешта расказвала іншым жанчынам. Пачуўшы наша пытанне, яна адмовілася ад каментароў і знікла ў двары дома Міхаіла Крыштаповіча.

МУС, КДБ, Памежкамітэт пакуль што не пракаментавалі інцыдэнт з самалётам, у СК не могуць «ні пацвердзіць, ні абвергнуць інфармацыю».

Нагадаем, 24 студзеня, самалёт «Белавія», які ляцеў па маршруце Мінск — Мюнхен, развярнулі на падлёце да Уроцлава і пасадзілі ў Гродне.

На камбінаце ў Гарадзеі абмяркоўваюць: з самалёта, які развярнулі над Польшчай, знялі іх дырэктара

Як паведамляюць пасажыры гэтага рэйса, з борта знялі ад 6 да 8 чалавек.

Пасля рэйс працягнуў рух без іх.