У Гродна прыязджаў Надзвычайны і Паўнамоцны пасол Рэспублікі Польшча ў Беларусі Артур Міхальскі. На сустрэчы са старшынёй Гродзенскага аблвыканкама Уладзімірам Краўцовым адной з ключавых тэмаў стала супрацоўніцтва Польшчы з Гродзенскай вобласцю ў культурнай сферы. У прыватнасці, арганізацыя сумесных канцэртаў прафесійных музыкантаў і выканаўцаў, піша rgazeta.by.
Магчыма, першае такое мерапрыемства Гродзенская абласная філармонія прыме ўжо восенню гэтага года, пакуль вядуцца перамовы.
— Кожная сустрэча з кіраўніцтвам рэгіёну максімальна прадуктыўная, — падкрэсліў Артур Міхальскі. — Шмат што робіцца для захавання і падтрымання агульнай культурнай спадчыны. У прыватнасці, у мінулым годзе быў адрамантаваны дах у Доме-музеі музыканта Чэслава Немэна ў Старых Васілішках Шчучынскага раёна. Такія канкрэтныя крокі вельмі дапамагаюць у развіцці двухбаковага супрацоўніцтва.
Чарговая ініцыятыва — правядзенне сумесных канцэртаў, якія дазволяць прадэманстраваць дасягненні ў галіне культуры дзвюх краін. Яны таксама, на думку ганаровага госця, маглі б стаць добрай пляцоўкай для пачаткоўцаў выканаўцаў, музыкаў.
У сваю чаргу Уладзімір Краўцоў адзначыў, што Гродзеншчына зацікаўлена ва ўзаемадзеянні ў розных сферах. Ужо не першы год у рэгіёне рэалізуецца немалая колькасць праектаў, у тым ліку з прыцягненнем польскага капіталу. Асаблівая ўвага надаецца турыстычнай сферы. Як наглядны прыклад — трансмежавы веламаршрут «АўгустВела». Таксама маюцца напрацоўкі ў сферы лагістыкі, у прыватнасці, па перавозках чыгуначным транспартам. Наладжаны і культурныя кантакты, а правядзенне сумесных мерапрыемстваў іх толькі ўмацуе.