У абноўленым будынку Палаца культуры тэкстыльшчыкаў на Савецкай плошчы ў Гродне размесцяцца экспазіцыі Музея прыроды і найноўшай гісторыі Гродзеншчыны, піша grodnonews.by.
Ва ўпраўленні культуры аблвыканкама распавялі, што музеі зоймуць тры паверхі. На першым будзе экспазіцыя «Геалагічнае мінулае Зямлі». Яна прысвечана эвалюцыі арганічнага жыцця на Зямлі ад яго зараджэння да з’яўлення чалавека сучаснага тыпу. У экспазіцыі будуць выкарыстаны макеты дагістарычных жывёл, якія засялялі тэрыторыю Прынямоння, а таксама косці, закамянеласці і адбіткі, знойдзеныя пры раскопках.
На другім паверсе размесціцца экспазіцыя пра жывёльны і раслінны свет Гродзеншчыны. Тут жа будзе прадстаўлена гістарычная кампазіцыя Гродна.
Трэці паверх адвядуць пад экспазіцыі, якія распавядаюць пра гісторыю Гродзеншчыны ад пачатку Вялікай Айчыннай вайны да нашых дзён.
Да XIII Фестывалю нацыянальных культур, які пройдзе ў чэрвені 2020, завершыцца першы этап рэканструкцыі: будуць замененыя перакрыцці - драўляныя на жалезабетонныя, будзе гатовы абноўлены фасад. Цалкам будынак будзе гатовы да канца 2020 года.