Улады палічылі размеркаванне заробкаў не толькі ў сярэднім па краіне, але і па асобных рэгіёнах. Ацаніце, у якую зарплатную групу трапляеце вы, прапануюць banki24.by.

Як збіраюць статыстыку

Статорганы збіраюць звесткі аб размеркаванні заробкаў работнікаў двойчы ў год — па выніках мая і лістапада. У выбарку ўваходзяць занятыя на буйных і сярэдніх прадпрыемствах. У лістападзе 2019 года аб заробках зрабілі справаздачу прадпрыемствы, на якіх працуюць 2,587 мільёна чалавек. Гэта эквівалентна 59,7% усяго насельніцтва, якое занята ў эканоміцы. З сабраных дадзеных улады падлічваюць медыянную зарплату і самую частую (мадальную) зарплату.

Медыянная зарплата — гэта такая зарплата, вышэй і ніжэй за якую размеркаваны па 50% работнікаў. Мадальная зарплата — гэта зарплата, якая часцей за ўсё сустракаецца ў зарплатным шэрагу. Медыянная і мадальная зарплаты даюцца да выплаты падаходнага падатку (13%) і ўнёску работніка ў ФСАН (1%). Акрамя таго, большасць работнікаў у Беларусі плаціць з заробку яшчэ і прафсаюзныя ўнёскі.

Самыя багатыя — у Мінску

У лістападзе 2019-га сярэдні заробак па краіне склаў 1 113 BYN, медыянны — 848,5 BYN, мадальны — 599,8 BYN. Гэта значыць, што па 50% работнікаў у лістападзе была налічаная зарплата альбо вышэй, альбо ніжэй за 848,5 BYN, а самым частым заробкам у выбарцы Белстата былі 599,8 BYN.

Сярод тэрыторый самая высокая медыянная і мадальная зарплата чакана адзначалася ў Мінску — 1 088 BYN і 947,9 BYN. Іншымі словамі, больш за палову работнікаў сталіцы бачылі ў графе «налічана» запаветную тысячу рублёў. Праўда, за вылікам падаткаў чыстая зарплата на рукі не дацягвала да тысячы і вагалася каля 940−950 BYN.

Самымі беднымі па медыяннай зарплаце былі работнікі Віцебскай вобласці. У гэтым рэгіёне налічаная медыяна склала толькі 757,8 BYN. У Брэсцкай вобласці медыянны заробак дасягнуў 790,2 BYN, у Гомельскай — 774,7 BYN, у Гродзенскай — 777,7 BYN, у Мінскай — 854,8 BYN, у Магілёўскай — 768,2 BYN. Розніца паміж Мінскай вобласцю і астатнімі тлумачыцца эфектам высокіх заробкаў на Беларуськаліі.

Мадальны (які найчасцей сустракаецца) заробак у Брэсцкай вобласці склаў 572,1 BYN, у Віцебскай — 562,3 BYN, у Гомельскай — 471,1 BYN, у Гродзенскай — 573,2 BYN, у Мінскай — 652,3 BYN, у Магілёўскай — 559,9 BYN.

Дзе працуюць багацеі

У лістападзе 2019 года ў выбарцы налічвалася 55,2 тыс. работнікаў з налічаным заробкам да 300 BYN і 3,1 тыс. — з заробкам звыш 10 000 BYN. Бедныя работнікі размяркоўваліся адносна раўнамерна па ўсёй краіне, а вось багатыя канцэнтраваліся ў Мінску — 2,7 тыс. чалавек з 3,1 тыс. Абсалютная большасць высокааплатных работнікаў сталіцы працавала ў IT-сектары.

Сярод абласцей толькі па Мінскай было 185 чалавек з заробкам ад 10 000 BYN, а ў астатніх колькасць багацеяў вагалася ад 36 да 78 чалавек. Налічаную зарплату ад 1 000 BYN ў лістападзе 2019 года мелі 37,5% работнікаў, у тым ліку па Мінску — 56,9%. У абласцях доля работнiкаў з заробкам не менш за 1 000 BYN была такой: Брэсцкая — 31,2%, Віцебская — 29,4%, Гомельская — 32,2%, Гродзенская — 29,9%, Мінская — 38%, Магілёўская — 28, 9%.