14 студзеня літоўскія мытнікі арыштавалі кантрабанду цыгарэтаў з Беларусі, якія былі вельмі хітра схаваныя ў жалезабетонныя блокі. Пра гэта паведамляе прэс-служба ведамства, піша TUT.BY.

Гэта першая для літоўскіх мытнікаў буйная партыя кантрабандных цыгарэт у гэтым годзе — 30 тысяч пачкаў на 106 тысяч еўра.

Усё адбылося ў чыгуначным пункце пропуску на станцыі Кена. Спачатку нічога не здалося дзіўным: будаўнічая кампанія адправіла з Беларусі цягніком 68 штук падмуркавых блокаў.

Аказалася, пад пластом жалеза і бетону схаваныя цыгарэты. Гэта выявілася пасля ўзважвання двух, здавалася б, аднолькавых блокаў. Толькі розніца ў вазе паміж імі склала каля 100 кг.

Каб дастаць цыгарэты, прыйшлося ўзяцца за інструмент і нямала папрацаваць: прабіць бетон, прапілаваць жалезную арматуру і «скрыначку» з металу, у якой знаходзіўся сам тавар.

Мытнікі ўпэўненыя, што кантрабанду схавалі ўнутр падчас адліўкі блокаў: з-за парушанай ізаляцыі «скрыначкі» некаторыя цыгарэты апынуліся мокрымі.

Як адзначаюць у ведамстве, кантрабанда цыгарэт па чыгунцы — адзін з трэндаў апошніх гадоў. Падобныя блокі затрымлівалі і раней: летам у грузавіку з Беларусі так дасталі прыкладна 79 тысяч пачкаў цыгарэт. Падвох заўважылі, калі ў звычайна суцэльных блоках выявіліся запоўненыя чымсьці паражніны.