На чарговай справаздачна-выбарчай канферэнцыі Гродзенскага гарадскога аб’яднання прафсаюзаў падвялі вынікі працы за 2015−2019 гады і выбралі новага лідара. Ім стаў Андрэй Ярашэвіч, які да гэтага быў начальнікам аддзела ідэалогіі і па справах моладзі Гродзенскага гарвыканкама. Яго кандыдатуру ўдзельнікі канферэнцыі падтрымалі аднагалосна, піша grodnoplustv.by.
Гродзенскае гарадское аб’яднанне прафсаюзаў - гэта 632 першасныя прафсаюзныя арганізацыі, 15 гарадскіх арганізацый галіновых прафсаюзаў і гарадская арганізацыя Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі. На канферэнцыі прааналізавалі выкананне пастаўленых задач за справаздачны перыяд і далі ацэнку працы за мінулую пяцігодку. C 2015 да 2020 года арганізацыю ўзначальваў Іван Крупіца.
У канцы студзеня ўвойдуць у сілу змены ў Працоўны Кодэкс Беларусі, куды было ўнесена 40 паправак і 30 артыкулаў. Над ім Федэрацыя прафсаюзаў працавала на працягу трох гадоў.